Logo Polskiego Radia
Print

Апублікаваныя вынікі апытаньняў, датычных палітычнага крызысу ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.12.2016 14:55
Вынікі апытаньняў, праведзеных рознымі арганізацыямі, дыямэтральна адрозьніваюцца.
Паліцыя перад будынкам Сэйму ПольшчыПаліцыя перад будынкам Сэйму ПольшчыPAP/Jakub Kamiński

Інфармацыйны канал дзяржаўнага радыё Polskie Radio 24 апублікаваў вынікі апытаньня грамадзкай думкі, праведзенай сацыялягічнай кампаніяй TNS Polska. Апытаньне датычыць апошніх падзей у Польшчы, у тым ліку палітычнага крызысу.
На пытаньне, ці СМІ аб’ектыўна інфармуюць пра сытуацыю ў Польшчы, “так” і “хутчэй так” адказалі 64% рэспандэнтаў; “не” і “хутчэй не” адказалі 27%. Свайго меркаваньня ня мелі 11% апытаных.

Пры гэтым дзеяньні апазыцыі не падтрымліваюць 47% рэспандэнтаў, а падтрымліваюць – 26%.

Абсалютна адваротныя вынікі апытаньня публікуе партал Newsweek Polska, які крытычна адносіцца да актуальных улад краіны. Згодна зь ім, у палітычнай спрэчцы мае рацыю апазыцыя (больш за 46%), адваротнага меркаваньня прытрымліваюцца 19% рэспандэнтаў. Сацыялягічнае дасьледаваньне было праведзенае кампаніяй IBRIS.

Як паведамлялася, у апошнія дні Польшча трапіла ў сур’ёзны палітычны крызыс. Усё пачалося ў пятніцу, 16 сьнежня, калі дэпутаты апазыцыйных партый пачалі пратэст у Сэйме супраць спробы ўвядзеньня кіруючай партыяй "Права й справядлівасьць" (ПіС) абмежаваньняў у працы журналістаў у парлямэнце Польшчы. Хутка пратэст пашырыўся на вуліцы польскай сталіцы: тысячы людзей пратэставалі, між іншым, пад Сэймам і Прэзыдэнцкім палацам.

Кіроўная партыя «Права й справядлівасьць», якая мае большасьць у абодвух палатах парлямэнту, абвінавачвае апазыцыю ў спробе дэстабілізацыі дзяржавы. У сваю чаргу апазыцыя абвінавачвае ПіС у абмежаваньні дэмакратыі й спробе ўвядзеньня аўтарытарнай сыстэмы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт