Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы не хапае 100 тыс. дальнабойшчыкаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.11.2016 13:47
Дэфіцыт кіроўцаў можа аслабіць польскую эканоміку й зьнізіць аб'ём экспарту.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/CC0 Public Domain

Аўтамабільны транспарт, які аказвае істотны ўплыў на стан многіх галінаў польскай эканомікі, перастаў разьвівацца з-за адсутнасьці кіроўцаў. Паводле агульных ацэнак, на польскім рынку не хапае каля 100 тысяч дальнабойшчыкаў.

Дасьледаваньні, праведзеныя ў транспартных кампаніях, паказалі, што праблемы з абслугоўваньнем курсаў - гэта пастаянная праблема адной пятай транспартных кампаніяў, а ў 60% зь іх гэтая праблема здараецца часта. У выніку, некаторыя кампаніі пакідаюць частку сваіх фураў на паркінгу й не прымаюць новых заказаў, паколькі не ў стане іх рэалізаваць.

Каб знайсьці выхад з гэтай складанай сытуацыі, польскія транспартныя кампаніі шукаюць кіроўцаў за мяжой. Толькі ў кампаніях, якія абслугоўваюць міжнародныя перавозкі, працуе ўжо 20 тысяч замежнікаў, у асноўным з Украіны й Беларусі. Аднак, паводле старшыні Саюза працадаўцаў „Транспарт і лягістыка” Мацея Вроньскага (Maciej Wroński), гэтыя крыніцы рабочай сілы таксама ўжо вычарпаныя.

Мяркуецца, што для кампэнсацыі кіроўцаў, якія пакідаюць сваю прафэсію (каля 25 тыс. чалавек у год) трэба працаўладкаваць удвая больш дальнабойшчыкаў, чым цяпер. У адваротным выпадку, транспартныя паслугі, якія адказваюць за больш чым 6% польскага ВУП, перастануць разьвівацца. Гэта, у сваю чаргу, пагражае тым галінам эканомікі, якія залежаць ад транспарту, як, напрыклад, гандаль ці будаўніцтва.

Паводле дасьледаваньня „Manpower Group”, дальнабойшчыкі займаюць пятае месца сярод найбольш запатрабаваных прафэсіяў.

rp.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт