Футры, абутак і вырабы са скуры становяцца адной з экспартных спэцыяльнасьцяў Польшчы. Палякі сталі вядучымі экспартэрамі футраў у Эўропе, а футравая галіна ў краіне вельмі хутка разьвіваецца. Польшча - другі пасьля Даніі эўрапейскі вытворца скуры пушных зьвяроў. У асноўным норкаў, а таксама лісаў і янотападобных сабакаў. Экспарт перавышае 90% вытворчасьці.
Па дадзеных „Bank Zachodni WBK”, у 2015 годзе палякі адправілі за мяжу тавараў на суму каля 1 млрд 700 млн злотых. Дынамічна павялічваецца таксама экспарт тавараў са скуры. У мінулым годзе ён вырас на палову.
Паводле агульных ацэнак, у Польшчы дзейнічае каля 750 гадоўляў, у якіх працуе каля 10 тысяч чалавек. Аднак агульная занятасьць у галіне ў чатыры-пяць разоў вышэйшая, калі ўзяць пад увагу гарбароў, кушняроў ці людзей, якія займаюцца забоем жывёл. Кошт фэрмаў і іх абсталяваньня ацэньваецца амаль на 1 мільярд 130 мільёнаў эўра.
Усё большай папулярнасьцю за мяжой карыстаецца таксама польскі абутак і скураныя вырабы. У 2015 годзе аб'ём экспарту абутку склаў 967 мільёнаў 800 тысяч эўра. Годам раней - 785 мільёнаў 700 тысяч эўра.
Калі гаворка ідзе пра скураныя вырабы, то ў Эўропе вядомая польская кампанія „Wittchen”. Яна мае сетку крамаў у Расеі, Украіне й Беларусі. На гэтых рынках, а таксама ў Нямеччыне і ў Нарвэгіі, „Wittchen” праводзіць продаж і ў Інтэрнэце. Экспартаваныя вырабы адаптаваныя да патрэбаў кліентаў у розных краінах.
Калі гаворка ідзе пра абутковую прамысловасьць, то тут лідарам у Эўропе зьяўляецца кампанія „CCC” з Пальковіцаў (Polkowice). Кампанія вядзе крамы ў Чэхіі, Нямеччыне, Аўстрыі, Харватыі, Славэніі, Турцыі, Балгарыі, Славаччыне й Вугоршчыне. На працягу году „CCC” прадае ў агульнай складанасьці 28 мільёнаў пар абутку.
Важнымі вытворцамі абутку зьяўляюцца таксама Група „Gino Rossi”, якая валодае крамамі ў Нямеччыне, Чэхіі, Славаччыне, Летуве й Латвіі.
Найбольшым канкурэнтам для польскіх кампаній, якія прадаюць скураны абутак і вырабы са скуры, зьяўляецца масавая вытворчасьць з Кітая.
аз