У Лодзі разьвіталіся зь легендарным камандзірам Арміі Краёвай (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.04.2016 21:28
„Лупашка” будзе перaпахаваны ў нядзелю на варшаўскіх могілках „Павонзкі”.
PAP/Grzegorz Michałowski
У Лодзі адбыўся працяг разьвітаньня зь легендарным камандзірам Арміі Краёвай. Зыгмунт Шэндзеляж „Лупашка” (поль. Zygmunt Szendzielarz „Łupaszka”) быў адным з выклятых жаўнераў, якія пасьля вайны змагаліся з камуністычнай уладай. У 1950 годзе ён быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне 8 лютага 1951 году.
Зыгмунт Шэндзеляж быў рэабілітаваны толькі ў 1993 годзе. Цягам некалькіх дзясяткаў гадоў камуністы ўтойвалі месца яго пахаваньня. Астанкі „Лупашкі” былі знойдзеныя толькі ў 2013 годзе. 29 лютага 2016 году маёр „Лупашка” пасьмяротна атрымаў званьне падпалкоўніка.
З 10.00 труна з астанкамі „Лупашкі” была выстаўлена ў архікатэдры ў Лодзі. Там была адкрытая таксама кніга спачуваньняў. А 16.00 біскуп Марэк Марчак (поль. Marek Marczak) адслужыў жалобнае набажэнства, пасьля якога труна была вынесеная з базылікі.
Працяг разьвітаньня адбудзецца ў Варшаве. „Лупашка” будзе перaпахаваны на варшаўскіх могілках „Павонзкі” (поль. Powązki) ў бліжэйшую нядзелю ў магіле, дзе пахаваная таксама яго дачка Барбара.
PAP/Grzegorz Michałowski
аз