Люблін - перадавік ІТ-тэхналёгій
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
12.03.2016 07:23
Сёньня горад зьяўляецца шостым па велічыні цэнтрам ІТ у краіне, а яго мэта – першая тройка.
pixabay.com
Цягам апошніх трох гадоў у Любліне працу распачало 30 інфарматычных фірм. Сёньня горад зьяўляецца шостым па велічыні цэнтрам ІТ у краіне. Яго мэта – першая тройка. І гэта рэальны плян – піша часопіс Newsweek.
Галіна ІТ-тэхналёгій зьяўляецца прыярытэтам у стратэгіі разьвіцьця гораду, якую пяць гадоў таму прынялі ўлады. Ужо ўдалося памяняць імідж усходняй Польшчы, якая да нядаўняга часу лічылася адным з найбольш тэхналягічна адсталых рэгіёнаў Эўропы. Сёньня толькі ў адным Любліне працуе 800 тэлеінфарматычных фірм, якія працаўладкоўваюць каля 5 тысяч спэцыялістаў. Лякальныя ўлады запэўніваюць, што цягам бліжэйшай дэкады ўзьнікне некалькі, калі не некалькі дзясяткаў тысяч новых месцаў працы.
Перавагу Любліну дае найбольшая па гэтым баку Віслы студэнцкая база, а таксама будаўніцтва будынкаў для бюро. Будаўнічыя фірмы прапануюць сучасныя бюро па добрай цане. Перавагу гораду таксама даюць ніжэйшыя кошты ўтрыманьня ў параўнаньні зь іншымі гарадамі, дзе засяроджваецца ІТ галіна.
«У Любліне адчуваецца атмасфэра, якая спрыяе разьвіцьцю інфарматычных фірмаў. Горад зрабіў стаўку на гэты сэктар, што вельмі спрашчае ўмовы вядзеньня бізнэсу», – адзначае дырэктар фірмы Billennium Барташ Лапіньскі.
Горадам таксама цікавяцца замежныя фірмы, якія засноўваюць тут свае прадстаўніцтвы. На факультэтах, зьвязаных зь інфарматыкай, вучыцца 4,6 тысяч студэнтаў на трох дзяржаўных і двух прыватных ВНУ. Экспэрты не сумняваюцца, што інфарматычныя фірмы могуць быць рухавіком лякальнай гаспадаркі.
Newsweek/ав