Помніка ахвярам Валынскай разьні ня будзе
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
20.02.2016 15:08
Помнік у Жэшаве імкнулася ўсталяваць Таварыства вэтэранаў Польскай арміі ў Амэрыцы.
http://www.rzeszow.pl/T.Poźniak
У Жэшаве на поўдні Польшчы ня будзе ўзьведзены помнік ахвярам Валынскай разьні. Аўтарам меў быць скульптар Анджэй Пітыньскі, які цяпер жыве ў ЗША. Ініцыятарам помніка было Таварыства вэтэранаў Польскай арміі ў Амэрыцы, якія вырашылі такім чынам ушанаваць памяць палякаў, забітых на Валыні.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Жэшава Мацей Хладніцкі (Maciej Chłodnicki)) патлумачыў гэтае рашэньне магчымым уплывам гэтага помніка на польска-ўкраінскія адносіны.
М.Хладніцкі: Абавязкам мэра горада зьяўляецца аб’ядноўваць, а не разьядноўваць. Гэты помнік і ўся гэтая справа вельмі супярэчлівыя. У кожнай краіны ёсьць свая гісторыя, і з кожнай гісторыяй трэба зьмірыцца, жыць і рабіць высновы, а пашырэньне варожасьці ня выкліча нічога добрага.
Валынская разьня была масавым забойствам палякаў, зьдзейсьненым украінскімі нацыяналістамі зь лютага 1943 года па люты 1944. Дакладная колькасьць забітых невядомая, гісторыкі мяркуюць, што гэта было 50-60 тысяч чалавек.
яс