Жорсткая перадвыбарчая барацьба
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
13.09.2015 15:34
Галоўныя партыі Польшчы абяцаюць выбаршчыкам залатыя горы.
Нізкія падаткі, сотні тысяч новых працоўных месцаў, спрошчаныя правілы для бізнэс-колаў. Такія абяцаньні прадставілі на сваіх перадвыбарчых сустрэчах асноўныя палітычныя партыі Польшчы Грамадзянская плятформа i Права і справядлівасьць, а таксама Польская сялянская партыя. Групоўкі паведамілі грамадзтву свае выбарчыя праграмы.
Калі ідзе кампанія, павінны гучаць абяцаньні, але на гэты раз іх было сапраўды шмат. ГП прапануе прыняць лінейны падатак, які складзе толькі 10%, а таксама адмяніць узносы мэдычнай і сацыяльнай страхоўкі. Кіраўнік партыі прэм’ер-міністар Эва Копач прапануе таксама новую сыстэму працаўладкаваньня.
Э. Копач: Сыстэма будзе ўведзена замест усіх іншых формаў працаўладкаваньня – часовых працоўных кантрактаў, якія працягваюцца больш за месяц, а таксама тых формаў працаўладкаваньня, якія апісаны ў Працоўным кодэксе.
У сваю чаргу прадстаўніца партыі Права і справядлівасьць Бэата Шыдла заявіла, што яе групоўка хацела б дапамагчы польскім сялянам.
Б. Шыдла: Мы падрыхтавалі закон аб страхоўцы для фэрмэраў. Ён дазволіць сялянам адчуваць сябе бясьпечна.
За галасы сялянаў ПіС змагаецца з ПСП, якая кіруе дзяржавай разам з ГП і можа пахваліцца посьпехамі, напрыклад, ростам дадатнага балянсу ў замежным гандлі.
ІАР/нг