Logo Polskiego Radia
Print

Крызыс левых палітычных сілаў у Польшчы

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 05.06.2015 17:42
“Я чакаю прыхода сацыял-дэмакратычнага Месіі”.

foto:
foto: polskieradio.pl

„Gazeta Wyborcza” публікуе размову з мэрам 100-тысячнага балтыйскага горада Слупск Робэртам Бедранем. Нагадаем постаць мэра. Бедрань – адкрыты гей, доўгія гады працаваў у няўрадавых арганізацыях, да мэра быў дэпутатам Сэйма Польшчы ад сацыял-дэмакратычнай партыі “Твой рух”. Восеньню мінулага года ён выйграў выбары на пасаду галавы Слупска, пра што паведамлялі СМІ ва ўсім сьвеце, бо гэта стала фэномэнам у кансэрватыўнай і каталіцкай Польшчы.
Журналістка Эва Седлецка размаўляе зь Бедранем пра крызыс левых сілаў у Польшчы. На дадзены момант Саюз левых дэмакратычных сілаў падтрымлівае ўсяго некалькі працэнтаў выбаршчыкаў. А яшчэ зусім нядаўна партыя мела падтрымку грамадзян на ўзроўні некалькіх дзясяткаў працэнтаў, што дазваляла ім ствараць кіруючыя кааліцыі. Робэрт Бедрань лічыць, што ў польскіх левых сілаў існуе сур’ёзная праблема з даверам да партый і лідараў з боку электарату. У якасьці прыкладу ён прыводзіць нацыяналістычную партыю “Права й справядлівасьць” і яе лідара Яраслава Качыньскага. “Качыньскі адкрыта кажа пра правы бедных грамадзян, хворых і беспрацоўных. І таму яму больш давяраюць, чым лідару СЛДС Мілеру,” – зазначае Бедрань. Паводле мэра Слупска, Лешэк Мілер ды іншыя дзеячы саюзу ў пытаньнях грамадзкай маралі маюць надзвычай кансэрватыўныя погляды. І Бедрань нагадвае гісторыю з 2004 года, калі Мілер сказаў, што яму на вырашэньне пытаньня партнэрскіх саюзаў шкада часу, бо ёсьць больш важныя справы. І хутка абрэзаў датацыі для гарадзкіх сталовых, дзе харчуюцца небагатыя грамадзяне, ды выказаў падтрымку для ідэі лінейнага падатку, нагадвае Бедрань і задае пытаньне: дык пра які сацыял-дэмакратычны рух мы можам казаць?
Што такое левыя сілы сёньня? – пытаецца журналістка. Робэрт Бедрань адказвае, што сёньня гэта ўжо ня рух рабочых і працаўнікоў, якія патрабуюць прытрымліваньня правоў. “Я б гэта назваў рухам у імя грамадзкага разьвіцьця, разьвіцьця ў галіне культуры, эканомікі, адукацыі”, кажа Бедрань. У канцы інтэрвію мэра Слупска гаворыць, што нягледзячы на ўсё ён верыць у левыя сілы й спадзяецца на іх адраджэньня. “Я чакаю прыхода сацыял-дэмакратычнага Месіі”, сказаў Робэрт Бедрань у інтэрвію штодзёнцы „Gazeta Wyborcza”.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт