У пятніцу чакаецца частковае сонечнае зацьменьне
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
18.03.2015 16:32
Наступнае - толькі праз шэсьць гадоў.
У бліжэйшую пятніцу на польскім небе чакаецца нязвычайная зьява. Раніцай у гэты дзень можна будзе назіраць за частковым сонечным зацьменьнем. Наступная такая прыродная зьява адбудзецца толькі праз шэсьць гадоў. Як кажуць навукоўцы, у некаторых рэгіёнах Польшчы будзе закрыта нават 80% сонечнага дыска.
Караль Вуйціцкі з Цэнтру навукі „Капэрнік” нагадае, што на Зямлі будуць такія месцы, дзе ў пятніцу можна будзе ўбачыць поўнае сонечнае зацьменьне. Гэта, напрыклад, Фарэрскія выспы й архіпэляг Шпіцбэрген. Зацьменьне будзе бачнае ў поясе шырынёй ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў кілямэтраў.
Сонечнае зацьменьне адбываецца, калі Месяц знаходзіцца паміж Сонцам і Зямлёй, цалкам або часткова засланяючы сонечнае сьвятло, якое дасягае нашую плянэту. Менавіта гэткая падзея адбудзецца 20 сакавіка.
У Польшчы зацьменьне пачнецца ў 09:43. Максымальная фаза будзе дасягнутая каля 10:52, а закончыцца толькі пасьля 12:00.
Поўнага сонечнага зацьменьня ў Польшчы трэба будзе пачакаць 120 гадоў - да кастрычніка 2135 году.
аз