Logo Polskiego Radia
Print

Католік мае права публічна казаць пра свае каштоўнасьці

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.10.2014 15:02
Гэта падкрэсьліваюць ерархі польскай царквы ў 14-ы Папскі дзень.

Католік мае права публічна казаць пра свае каштоўнасьці, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Гацлоўскі ў сваёй гаміліі падчас імшы ў базыліцы св. Крыжа ў Варшаве.

Сёньня адзначаецца 14-ы Папскі дзень. Ён праходзіць пад лёзунгам «Ян Павал ІІ – будзьце сьвятымі".

Арцыбіскуп Гацлоўскі сказаў, што больш за тысячу гадоў польская ідэнтычнасьць грунтуецца на трывалым падмурку хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

Арцыбіскуп Гацлоўскі: Католік мае права выказваць свае погляды на тэму жыцьця, сужонства, сям’і. Прычым ня толькі прыватна, а таксама публічна, таму што гэта закранае ягоную нацыю, ягоны народ з такой ідэнтычнасьцю. Ніхто ня можа яго выцясьняць з публічнага жыцьця.

Як і кожны год, у Папскі дзень зьбіраюцца грошы на стыпэндыі для таленавітай моладзі зь бедных сем'яў.

З нагоды Папскага дня 16 кастрычніка ў Канцэртнай зале Польскага радыё імя Вітальда Лютаслаўскага адбудзецца прэм'ера музычнага спэктаклю на словы вершаў Яна Паўла ІІ - «Далёкае ўзьбярэжжа маўчаньня".

Папскі дзень ладзіцца як дзень разважаньняў аб пантыфікаце Яна Паўла ІІ. Традыцыйна яго адзначаюць у нядзелю да гадавіны абраньня Караля Вайтылы на Апостальскі пасад. Ён быў абраны Папам рымскім 16 кастрычніка 1978 г.

У гэтым годзе Папскі дзень адзначаецца ўпершыню пасьля кананізацыі польскага Папы. Кананізацыя Яна Паўла ІІ адбылася 27 красавіка гэтага году.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт