Сустрэча ў сталіцы Падляшша — гэта працяг найбуйнейшай бізнэс-сустрэчы ў цэнтральнаэўрапейскім рэгіёне — Эўрапейскага эканамічнага кангрэса.
Гэта двухдзённы цыкл дыскусій і сустрэч з удзелам больш як тысячы гасьцей з Польшчы й іншых краін. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі ўраду, бізнэсоўцы й экспэрты.
Мэта кангрэсу — адказаць на пытаньне: як будаваць адносіны з усходнімі краінамі ў няпростай у нашым рэгіёне сытуацыі, а таксама дыскусія пра магчымасьці разьвіцьця ўсходняе Польшчы. Менавіта Беласток, на думку арганізатара Кангрэсу, старшыні Польскага таварыства падтрымкі бізнэсу Войцеха Кусьпіка, зьяўляецца найлепшым месцам, каб пра такія справы размаўляць.
У гэтых дыскусіях не апошняе месца займае таксама Беларусь. Сёньня гаварылася, між іншым, пра пагадненьне аб малым памежным руху паміж Польшчай і Беларусьсю, якое было падпісанае больш за 4 гады таму, а па сёньняшні дзень не ўступіла ў сілу.
- Каб гэта здарылася, няшмат трэба, – лічыць польскі пасол у Менску Лешэк Шарэпка. – Беларускі бок павінен перадаць ноту, якая пацьвердзіць факт ратыфікацыі гэтай дамовы. Аднак, калі гэта здарыцца – ніхто адказаць ня ў змозе.
На думку генэральнага консула РБ у Беластоку Аляксандра Берабені, за стол перамоваў павінны сесьці прэзыдэнты Польшчы і Беларусі.
Лешэк Шарэпка, аднак, адносіцца да гэтага скептычна. – Памятайце, – дадае польскі пасол, – што прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі быў ужо ў свой час на прапускным пункце ў Кузьніцы Беластоцкай, дзе заклікаў свайго беларускага партнэра, каб пагадненьне аб малым памежным руху ўступіла ў сілу як найхутчэй, але на гэты заклік не было ніякай рэакцыі.
Лешэк Шарэпка лічыць, што галоўная задача на сёньняшні дзень — гэта размова пра юрыдычныя пытаньні, бо за апошнія 4 гады зьмяніліся праўныя абумоўленьні і трэба задумацца, ці гэтае пагадненьне наогул не састарэла.
Турысты з усходу, якія ў асноўным прыяжджаюць за пакупкамі, на гэты момант пакідаюць у Польшчы амаль 8 мільярдаў злотых у год. Экспэрты лічаць, што ўступленьне ў сілу пагадненьня аб малым памежным руху прычыніцца да павялічаньня гэтай сумы.
Заўтра на Ўсходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку чакаецца выступленьне прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. Госьцем кангрэсу будзе таксама польскі віцэ-прэм’ер Януш Пехаціньскі.
Зь Беластоку
для Беларускай службы Польскага радыё для замежжа
Яраслаў Іванюк