Logo Polskiego Radia
Print

GM інвэстуе мільярд злотых у маторны завод у Тыхах

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.02.2014 15:22
Толькі на адным заводзе гэта дазволіць працаўладкаваць больш за паўтары тысячы чалавек.

/

„General Motors” плянуе інвэставаць як мінімум 250 млн. эўра ў завод у горадзе Тыхы, дзе цяпер вырабляюць дызэльныя рухавікі старэйшага пакаленьня.

У 2017 годзе на заводзе ў Тыхах пачнецца вытворчасьць ультра- сучасных рухавікоў, прызначаных для „Опэляў" мадэлі „Astra”, „Insignia” й „Meriva”. Гэта будзе цэлае пакаленьне рухавікоў, якія ў будучыні могуць выкарыстоўвацца таксама ў аўтамабілях іншых марак.

„Гэта дасьць магчымасьць далейшага разьвіцьця завода й росту занятасьці”, - кажа кіраўнік „General Motors Manufacturing Poland” Анджэй Корпак.

Разбудова завода ў Тыхах таксама дазволіць павялічыць занятасьць падрадчыкаў на 1,5-2 тысячы працоўных месцаў. Як кажуць адмыслоўцы, пры гэткага роду інвэстыцыях адно працоўнае месца на заводзе азначае 3-4 новыя месцы працы ў фірмах-падрадчыках. Аднак частка элемэнтаў для новага рухавіка будзе пастаўляцца з замяжы. Такія ж рухавікі ўжо вырабляюць на заводах GM у Вугоршчыне.

Інвэстар плянуе разбудаваць на амаль адну трэцюю вытворчыя цэхі ды наладзіць новыя вытворчыя лініі, здольныя вырабляць да 200 тысячаў рухавікоў у год. На месцы, у Тыхах, будзе вырабляцца значна больш элемэнтаў рухавіка, чым цяпер. Большасьць новых рухавікоў будзе пастаўляцца на завод „Опэля” ў Глівіцэ.

Пакуль невядома, ці пры зборцы новых рухавікоў будзе працаваць цяперашні працоўны калектыў, паколькі на пачатку 2015 года цяпершаняя вытворчасьць завода будзе прыпыненая. Гэта не азначае аднак, што 550 супрацоўнікаў застануцца бяз працы, запэўнівае Анджэй Корпак.

„У 2015 годзе ў Глівіцэ стартуе вытворчасьць сучаснай мадэлі аўтамабіля „Astra”, таму будзе ўведзена трэцяя зьмена. Мы будзем у стане прыняць на працу ўсіх працаўнікоў з Тыхаў”, - запэўнівае кіраўнік „General Motors Manufacturing Poland”.

Цяпер глівіцкі завод працаўладкоўвае 3 тысячў рабочых.

Экспэрты спадзяюцца, што дзякуючы разбудове заводу ў Тыхах польская аўтамабільная прамысловасьць павялічыць экспарт. Продаж рухавікоў - гэта трэці пасьля продажу аўтамабіляў і запчасткаў экспартны элемэнт аўтамабільнай галіны ў Польшчы.

У мінулым годзе яго вартасьць склала больш за 2 мільярды эўра.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт