Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы сварка за вятракі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.02.2014 18:07
ПіС прапануе законапраект, які моцна абмяжоўвае магчымасьць будаваць ветравыя электрастанцыі.

Энэргія, яе крыніцы і ашчаджаньне – гэта адна з важнейшых праблем сучаснай эканомікі. Чалавек XXI-га стагодзьдзя проста ня можа сабе ўявіць нармальнага жыцьця без электрычнасьці. У многіх польскіх дамах няма нават газавых плітаў, ёсьць толькі электрычныя. Калі назіраюцца перабоі ў пастаўках энэргіі, жыхары такіх кватэр ня могуць зрабіць сабе нават гарачую гарбату, ня могуць таксама ўключыць кампутар, падзарадзіць сотавы тэлефон, а прадукты ў лядоўні размарозяцца ў папсуюцца.

Адным словам, мы поўнасьцю залежым ад энэргіі, як у бытавым сэнсе, так і макраэканамічным. Асноўныя крыніцы энэргіі, якімі зьяўляюцца нафта, вугаль ды газ, пакрысе вычэрваюцца. Таму людзі актыўна шукаюць іншыя крыніцы, найлепш гэтак званыя зялёныя – энэргію ветру, вады й сонца. І як-раз наконт ветравых электрастанцый пасварыліся нядаўна дэпутаты польскага сэйму.

Апазыцыйная партыя Права й справядлівасьць унесла законапраект, паводле якога ветравыя станцыі можна будаваць у адлегласьці ня менш чым тры кілямэтры ад жылых аб’ектаў і лясных масіваў. Але дэпутаты кіруючай Грамадзянскай плятформы хацелі адхіліць праект.

Дэпутатка ПіС Анна Залеўска пераконвала, што неабходна разгледзіць гэты праект, асабліва беручы пад увагу, што некаторыя іншыя краіны адмаўляюцца ад ветравой энэргіі.

А. Залеўска: Калі мы хочам размаўляць на такім узроўні, то нам не ўдасца абараніць польскія краявіды, польскую сельскую гаспадарку, польскую ўласнасьць і польскія аднаўляльныя крыніцы энэргіі.

Намесьнік міністра навакольнага асяродзьдзя Станіслаў Гаўлоўскі адзначыў, што прапануе ПіС практычна поўнасьцю заблякуе магчымасьць будаўніцтва ветравых электрастанцый у Польшчы.

С. Гаўлоўскі: Законапраект, унесены дэпутатамі Права й справядлівасьці, зводзіцца да таго, што ў Польшчы дэ факта ўводзіцца забарона будаўніцтва ветравых электрастанцый.Тры кілямэтры ад жылых будынкаў – гэта азначае, што няма такога месца на мапе Польшчы, дзе можна станцыю збудаваць.

Вострую дыскусію ў Сэйме нечакана спыніў прэм’ер-міністар Дональд Туск з Грамадзянскай плятформы. Ён папрасіў зрабіць перапынак у працы і сабраць раду старэйшын. Прэм’ер адзначыў, што праца над падхрыхтоўкай закону аб аднаўльнай энэргіі зацягваецца, паколькі ўрад намераны падрыхтаваць найбольш карысны для Польшчы гэтак званы энэргетычны мікс.

Д. Туск: З пункту гледжаньня польскага ўраду самыя важныя два пытаньні. Першы – гэта, зразумела, ахова людзей, іх здароўя, краявідаў, турыстычных мясьцінаў ад празьмернага разбудоўваньня аб’ектаў ветравой энэргетыкі – вялікіх вятракаў ды фэрмаў ветравых млынаў. Другое пытаньне – такі энэргетычны мікс, законы, датычныя энэргетыкі, каб самыя карысныя для нас крыніцы энэргіі не падпадалі пад дыскрымінацыю як у краіне, так і Эўропе.

Польшча найбольш шырока з усіх краін Эўрапейскага Зьвязу карыстаецца вугалем дзеля атрыманьня электрычнай энэргіі. А, як вядома, у Заходняй Эўропе існуе моцны супраціў адносна вугальнай энэргетыкі, паколькі такія электрастанцыі выкідваюць найбольш вуглекіслага газу, які забруджвае атмасфэру і стварае парніковы эфэкт. Тым ня менш, Польша ня хоча адмаўляеца ад гэтай адносна таннай для яе крыніцы энэргіі.

Прэм’ер Туск урэшце рэшт унёс прапанову накіраваць законапраект Права й справядлівасьці на дапрацоўку ў камісіі.

Д. Туск: Я ня бачу прычыны, каб мы сёньня галасавалі за адхіленьне гэтага закону. Хаця некаторыя яго прапановы мне здаюцца вельмі спрэчнымі. Але трэба над ім папрацаваць, падрыхтаваць закон, які ў далейшым будзе разглядаць сэйм. Мы павінны працаваць разам, каб стварыць такую сыстэму аднаўляльных крыніцаў энэргіі, якая будзе бясьпечная для Польшчы і для палякаў. І навошта нам заўсёды і за ўсё сварыцца. Па гэтай справе, на маю думку, у нас аднолькавыя інтарэсы.

Так што законапраект ПіС, які прапануе забараніць будаўніцтва вятракаў бліжэй, чым у трох кілямэтрах ад будынкаў і лясоў, пакуль што не прайшоў у сэйме, але таксама ня быў адхілены. Дэпутаты намераныя прайцаваць над ім у камісіях.

IAR/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт