Варшаўскія ЦЭЦ зьбіраюць сьвяточныя елкі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.01.2014 21:00
Дрэўцы будуць выкарыстаныя для вытворчасьці электраэнэргіі й цяпла.
Zdjęcie ilustracyjneFoto: MeiTeng/sxc.hu
Улады Варшавы хочуць выкарыстаць прынамсі частку сьвяточных елкаў, якія яшчэ некалькі тыдняў таму ўпрыгожвалі кватэры, а цяпер трапляюць на сьмецьце.
Да канца месяца жыхары Варшавы могуць аддаць сваю елку ў варшаўскія цеплаэлектрацэнтралі.
Кожны дзень у іншым раёне Варшавы будуць падстаўляцца спэцыяльныя кантэйнеры, у якія можна кінуць елку.
Віцэ-мэр сталіцы Яраслаў Дамброўскі кажа, што Варшава мае амбіцыі стаць экагорадам і атрымліваць энэргію з аднаўляльных крыніц.
Сабраныя елкі будуць перададзеныя на варшаўскія ЦЭЦ. Там іх пасартуюць й спаляць у кацельнях. Атрыманая такім чынам электраэнэргія й цяпло будуць выкарыстаныя для ацяпленьня кватэраў ды падагрэву вады.
У мінулым годзе ў выніку падобнай акцыі ўдалося сабраць каля 400 тон елак. Зразумела, гэта сымбалічная колькасьць, паколькі ў варшаўскіх ЦЭЦ штогод спальваецца каля 54 тысячаў тон біямасы.
Сёлетняя акцыя будзе працягвацца да канца месяца.
аз