Logo Polskiego Radia
Print

Польскага пасла выклікалі ці запрасілі?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.07.2013 17:29
Забарона на рытуальны забой жывёлаў выклікала разнагалосьсі паміж Польшчай і Ізраілям.
tvp.info
tvp.info

У панядзелак у польскага пасла ў Ізраілі запатрабавалі тлумачэньняў наконт уведзенай надоечы забароны на рытуальны забой жывёлаў.

Гаворка ідзе пра закон аб забароне забою жывёл без папярэдняга аглушэньня, які ў апошнюю пятніцу прынялі дэпутаты польскага Сэйма.

Абодва бакі - польскі й ізраільскі - разыходзяцца ў меркаваньнях наконт рангу гэтай сустрэчы й яе ходу.

Прэс-сакратар ізраільскага МЗС сказаў, што польскі амбасадар у міністэрства ў Ерусаліме быў выкліканы. Паводле яго, польскі дыплямат пазнаёміўся з пратэстам ізраільскага боку. У яго таксама папрасілі прадставіць польскую пазыцыю па гэтым пытаньні.

У сваю чаргу МЗС Польшчы сьцьвярджае, што амбасадар Яцэк Хадаркевіч ня быў выкліканы, але запрошаны на сустрэчу, і не атрымаў ад ізраільскага МЗС пісьмовага пратэсту.

Ізраіль ужо некалькі дзён гучна выказвае сваю незадаволенасьць увядзеньнем у Польшчы забароны на рытуальны забой жывёл. У выдадзенай у панядзелак заяве МЗС Ізраіля называе рашэньне польскага парлямэнта „непрымальным” і шкодным для „аднаўленьня габрэйскага жыцьця ў Польшчы”. У сваю чаргу прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск назваў рэакцыю Ізраіля недарэчнай.

Міністар адміністрацыі й лічбаваньня Міхал Боні даручыў праверыць, ці ў рамках прынятага закона можна праводзіць рытуальны забой на патрэбы мясцовых габрэйскіх і мусульманскіх супольнасьцяў.

Рэлігійныя меншасьці ў Польшчы сьцьвярджаюць, што яны маюць на гэта права.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт