Палікот прапануе выбарчае права ў 16 гадоў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.03.2013 16:23
Тыя, хто галасаваў першы раз у 16 гадоў, больш ахвотна ўдзельнічае пазьней у выбарах.
Выбарчае права для шаснаццацігадовых асобаў – з такой прапановай выступае польская партыя “Рух Палікота”. А паведамляе пра гэта „Dziennik – Gazeta Prawna”. Калі б удалося гэтую ідэю ажыцьцявіць, то падчас бліжэйшых выбараў палітыкі маглі б разьлічваць на 800 тыс. новых выбарцаў.
Выбарчае права ў 16 гадоў увялі ўжо Нямеччына ды Аўстрыя, а таксама Бразылія. Аўстрыйскія адмыслоўцы пазытыўна ацэньваюць гэтае рашэньне, паколькі маладыя выбарцы ахвотна ўдзельнічаюць у галасаваньні. Аказваецца таксама, што тыя, хто галасаваў першы раз у 16 гадоў, больш ахвотна ўдзельнічае пазьней у выбарах, чым тыя, хто ўпершыню кінуў свой бюлетэнь у урну ва ўзросьце 18 гадоў.
Існуе небясьпека, што вельмі маладыя выбарцы будуць часьцей галасаваць за радыкальныя групоўкі, як сталася ў Аўстрыі. Але ў Польшчы яны складалі б адносна невялікі адсотак усіх галасуючых. У сваю чаргу, у Польшчы ня так проста ўвесьці выбарчае права для падлеткаў, паколькі дзеля гэтага неабходна зьмяніць асноўны закон дзяржавы. А іншыя парлямэнцкія групоўкі скептычна ставяцца да прапановы “Руху Палікота”.
нг