Сарыюш-Вольскі: Эўразьвяз праходзіць мэтамарфоз
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.10.2012 10:02
Эўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі заявіў, што пагадненьне аб супольным банкаўскім наглядзе — гэта элемэнт будаўніцтва новай архітэктуры Эўразьвязу.
— Вядзецца вострая спрэчка. Лідэры эўразоны хочуць адарвацца ад пэлетону. Існуе пагроза, што мы застанемся ў хвасьце, — дадаў госьць Польскага Радыё.
На саміце вырашана, што ўсе краіны ЭЗ змогуць далучыцца да новае сыстэмы банкаўскага нагляду. Як зазначыў польскі эўрадэпутат, гэта сугучна з патрабаваньнем Варшавы. Польшча пастулюе раўнапраўнасьць у прыняцьці рашэньняў. Палажэньні, датычныя стварэньня воргану эрапейскага банкаўскага нагляду, павінны быць узгодненыя да канца году і ўступяць у сілу налета.
— Мы патрабуем раўнапраўнасьці ў прыняцьці рашэньняў, калі нас ахопіць нагляд, — дадаў палітык.
Яцэк Сарыюш-Вольскі лічыць, што Польшча павінна імкнуцца ўвайсьці ў зону эўра, але быць пры гэтым асцярожнай. Эўрапейскі Зьвяз, у ацэнцы палітыка, праходзіць мэтамарфоз.
— Існуюць зьнешнія аб'ектыўныя прычыны, такія як глябалізацыя, якія прымушаюць ЭЗ мацней аб'ядноўвацца. Як казаў Барозу (кіраўнік Эўракамісіі — рэд.), або мы будзем плыць разам, або паасобку патонем, — сказаў госьць Польскага Радыё, эўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі.
эб/IAR