КДБ правярае каналы ўцечкі інфармацыі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.03.2012 12:47
Правярецца сапраўднасьць дакумэнта, магчымыя каналы ўцечкі інфармацыі з атачэньня Лукашэнкі.
Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі праводзіць праверку па факце абнародаваньня дакумэнта з матэрыяламі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, якая нібыта адбылася 15-га сакавіка. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка цэнтра інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КДБ Артур Стрэх.
Правяраецца сапраўднасьць дакумэнта, магчымыя каналы ўцечкі інфармацыі.
20-га сакавіка ў інтэрнэце зьявілася ксэракопія пераліку пытаньняў для абмеркаваньня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.
Нібыта 15-га сакавіка ў кіраўніка дзяржавы павінна была ісьці размова пра бягучы стан дыялёгу „Беларусь-ЭЗ”, пляны Эўрасаюза па ўзмацненьні санкцый адносна Беларусі 23-га сакавіка, пра ступень гатоўнасьці магчымых мер рэагаваньня ў адказ. Да іх, мяркуючы па дакумэнце, адносяцца меры дыпляматычнага ўзьдзеяньня, у прыватнасьці пытаньне ўдзелу краіны ва „Ўсходнім партнэрстве”, агульныя гандлёва-эканамічныя меры, тэма транзыту, сумесныя дзеяньні ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, кропкавыя эканамічныя абмежаваньні адносна канкрэтных замежных юрыдычных і фізычных асоб.
У абнародаваным дакумэнце ўказаны блёк пытаньняў для абмеркаваньня з Расеяй на вышэйшым узроўні, у тым ліку, удзелу ў АЭП, Эўразійскім эканамічным саюзе, пэрспэктывы адзінай валюты; блёк пытанньняў абароннага й ваенна-тэхнічнага комплексу, падыходы па ПРА, Паўночны маршрут дастаўкі грузаў для групоўкі ў Афганістане; узмацненьне ўзаемнай прамысловай каапэрацыі, тэма ўдзелу Расеі ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў; выкарыстаньне расейскай інфраструктуры для транзыту беларускіх тавараў, тэма зьніжэньня тарыфаў на пастаўкі чыгуначным транспартам у напрамку расейскіх партоў.
Яшчэ адно пытаньне, якое нібыта абмяркоўвалася ў прэзыдэнта 15-га сакавіка, - далейшае разьвіцьцё стратэгічнага партнэрства з Кітаем і павелічэньне зьдзелак зь юанем.
БелаПАН/nn.by/аз