Logo Polskiego Radia
Print

Крутога прызналі “псыхічным”

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 21.03.2012 09:13
Аляксандар Круты, бацька пацярпелай ад тэракта Інэсы Крутой, быў затрыманы падчас працэсу пра выбух у менскім мэтро.

Суд Маскоўскага раёна Менска паўторна разгледзеў судовую справу Аляксандра Крутога. Судзьдзя Яўген Хаткевіч прызнаў мужчыну псыхічна нездаровым і прызначыў яму прымусовае лекаваньне, тэрмін якога павінны вызначыць дактары. У першы раз Крутому таксама прысудзілі лекаваньне, але паводле мужчыны, яно не праводзілася. Вось, што ён піша ў лісьце да сваёй знаёмай: “За ўвесь гэты час мне ні разу не прызначалі ніякіх псыхатропных прэпаратаў і мэдыкамэнтаў”. Па незразумелых прычынах Круты знаходзіцца не ў псыхіятрычным шпіталі, а на Валадарцы. Мужчына заўважае, што ў дачыненьні яго адбываюцца правакацыі: “Колькі ні праводзілася правакацый, каб выклікаць мае агрэсыўныя паводзіны – ні ў якія канфлікты ні з кім я не ўступаў, не ўступаю і не зьбіраюся ўступаць. Гэта адразу – уколы й прывязваньне рамянямі да нараў на тэрмін да палутара сутак… Гэта адразу запіс у картку… Гэта адразу па прыезьдзе ў “псыхушку” ўзмоцненае “лекаваньне” й, магчыма, павелічэньне тэрміна знаходжаньня ў “дурцы” на нявызначаны час”.

Нагадаем, Аляксандар Круты, бацька пацярпелай ад тэракта Інэсы Крутой, быў затрыманы падчас працэсу пра выбух у менскім мэтро. Мужчыну вінавацяць у “цынічным хуліганстве”. Дакладныя абставіны гэтай справы невядомыя, бо усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме, Крутога на суд не прывозілі.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт