Logo Polskiego Radia
Print

Дашкевіча катуюць - Н.Палажанка

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.08.2011 14:11
  • palazhanka_dashkevich.mp3
Дашкевіча катуюць у Горацкай калёніі начнымі расьцяжкамі й халоднымі карцарамі.
fot. Flickr/radio.svaboda.orgfot. Flickr/radio.svaboda.org

fot.
fot. Flickr/radio.svaboda.org

Нявеста Зьмітра Дашкевіча, намесьніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка сёньня ў Менску на прэсавай канфэрэныі распавяла падрабязнасьці сустрэчы Дашкевіча з адвакаткаю. Дагэтуль 5 разоў адвакатка атрымлівала адмову ў такіх спатканьнях.

8 разоў Дашкевіча ўжо зьмяшчалі ў карцар. На яго ўвесь час складаюць пратаколы нібыта за парушэньне парадку – і не азнаямляюць яго з тымі пратаколамі. Не паказваюць ягоную асабістую справу й адвакатцы – таму яна ня можа абскардзіць спагнаньні. На думку Насты Палажанкі, гэта робіцца дзеля таго, каб узбудзіць супраць Зьмітра новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаваньне супрацоўнікам калёніі – і накінуць яму яшчэ год ці два зьняволеньня.

Палітвязьню дагэтуль не аддалі пашпарту. Між іншым, гэта найгрубейшае парушэньне з боку адміністрацыі калёніі – прымаць да сябе чалавека бяз пашпарту, ня спраўдзіўшы ягонай асобы. Праз адсутнасьць пашпарту Наста й Зьміцер ужо некалькі месяцаў ня могуць ажаніцца. Пасьля доўгіх патрабаваньняў Палажанкі калёнія накіравала зварот у ГУУС Менгарвыканкама, але атрымала адпіску. Сама Палажанка накіравала зварот у КДБ – бо яна высьветліла, што пашпарт там. Мінуў месяц – адказу няма.

Як адзначыла Наста Палажанка ў інтэрвію нашаму радыё, памяшканьне камэрнага тыпу, куды Дашкевіча перавялі з карцару, адрозьніваецца толькі тым, што там ёсьць матрац. Аднак тэмпэратура там вельмі нізкая – пасярод сну хлопец вымушаны па паўгадзіны адціскацца ад падлогі, каб сагрэцца. Зьмітру так і не дазволілі мець Біблію – наконт гэтага Палажанка зьвярнулася да цэркваў розных канфэсіяў з просьбаю накіроўваць адпаведныя звароты ў калёнію.

Пасьля ўсіх спагнаньняў Зьмітру пакінулі права толькі на 2 перадачы на год, кожная па 2 кіляграмы. Палажанка распавяла, што ў калёніі супрацоўнікі зьбіваюць вязьняў, якія кантактуюць з Дашкевічам, а аднаго за тое, што распавёў пра карцар для Зьмітра – самога зьмясьцілі ў карцар. Наста Палажанка адзначыла, што ўмовы, у якіх Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў Горацкай калёніі, можна лічыць катаваньнямі.

Арцём Багданаў, Менск





Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт