Logo Polskiego Radia
Print

У ААН прэзэнтавалі даклад пра Беларусь

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.07.2019 14:25
За мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, але былі некаторыя пазытыўныя зьмены.
pixabay.com/Public Domain CC0

Спэцдакладчыца ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн 2 ліпеня зрабіла даклад на сэсіі Рады правоў чалавека ААН, паведамляе svaboda.org са спасылкай на БелаПАН.

Даклад ахоплівае пэрыяд з 1 траўня 2018 да 31 сакавіка 2019 году. У ім гаворыцца, што за мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, але былі некаторыя пазытыўныя зьмены.

Марэн паказала, што ў Беларусі працягваецца прымяненьне сьмяротнага пакараньня.

Яна адзначыла, што ў справаздачны пэрыяд былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія ўводзяць дадатковыя абмежаваньні для дзейнасьці інтэрнэт-СМІ; зафіксаваныя факты затрыманьня праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў, адмовы ў правядзеньні мірных сходаў, умяшаньні ў працу журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці.

Спэцдакладчыца ААН згадала «справу БелТА», у рамках якой праз падазрэньне ў несанкцыянаваным доступе да падпіскі дзяржаўнага агенцтва БелТА затрымлівалі рэдактараў і карэспандэнтаў парталу Tut.by, БелаПАН і шэрагу іншых СМІ, а таксама штрафы за працу без акрэдытацыі журналістам-фрылансэрам, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам «Белсат».

У якасьці пазытыўных зьменаў Марэн адзначыла дэкрыміналізацыю артыкулу 193.1 КК («Дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый») і ўнясеньне ў закон аб масавых мерапрыемствах паправак, якія ўвялі паведамляльны (разам з заяўным) прынцып правядзеньня масавых акцый.

Марэн адзначыла, што ў Беларусі існуе «жорсткі і карны падыход» да маргінальных групаў, у тым ліку да нарказалежных або беспрацоўных. У прыватнасьці яна згадала, што падлеткі, затрыманыя за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, асуджаюцца да непамерна доўгіх тэрмінаў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, яна зьвярнула ўвагу на пазасудовыя канфіскацыі дзяцей зь сем’яў, якія прызналі ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Спэцдакладчыца заявіла, што ва ўсіх сытуацыях правасудзьдзе павінна ўлічваць інтарэсы дзяцей.

Яна падкрэсьліла, што, хоць у справаздачны пэрыяд назіралася зьніжэньне колькасьці затрыманьняў і арыштаў, парушэньні правоў чалавека ў Беларусі працягваюць насіць сыстэматычны характар.

Марэн выказала шкадаваньне ў сувязі з тым, што ўрад Беларусі па-ранейшаму не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН.

«Пры адсутнасьці рэформаў, адсутнасьці палітычнай волі да абароны і прасоўваньні правоў чалавека сытуацыя ў краіне ня зьменіцца», — рэзюмавала Анаіс Марэн.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт