Logo Polskiego Radia
Print

СБ: Беларускай эканоміцы неабходныя структурныя рэформы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.07.2019 08:11
Алекс Крэмер: Рэформы неабходныя для таго, каб пазьбегнуць эканамічнай нестабільнасьці.
Foto: pixabay.com/CC0 Public Domain

У Беларусі насьпела крайняя неабходнасьць структурных эканамічных рэформаў для таго, каб пазьбегнуць эканамічнай нестабільнасьці, заяўляе кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банка Алекс Крэмер, паведамляе БелаПАН.

„Сусьветны банк на працягу многіх гадоў казаў, што Беларусі неабходныя структурныя эканамічныя рэформы для паскарэньня эканамічнага росту. Але сёньня наша пазыцыя трохі іншая: Беларусі вельмі неабходныя структурныя эканамічныя рэформы для таго, каб пазьбегнуць эканамічнай нестабільнасьці”, — падкрэсьлівае Крэмер у афіцыйным блёгу СБ.

Ён адзначае, што ў найбліжэйшыя гады эканамічная сытуацыя можа істотна пагоршыцца, калі Беларусь не дамовіцца з Расеяй аб кампэнсацыі па „падатковым манэўры”. У прыватнасьці, МВФ прагназуе, што, калі краіна не атрымае кампэнсацыю ад Расеі за „падатковы манэўр”, то Беларусі неабходна будзе знайсьці спосаб прыцягнуць 1,5 млрд даляраў у 2021 годзе, а ў 2022 годзе гэта сума павялічыцца да 2 млрд даляраў. Дзярждоўг, паводле прагнозаў, вырасьце з 55% ВУП да 70% у 2019—2023 гадах.

„Такім чынам, цалкам верагодна, што ў 2020—2022 гадах эканоміка Беларусі зьведае істотную карэкціроўку, каб скараціць разрыў паміж расходамі й даходамі. Гэтая карэкціроўка будзе альбо сплянаванай і структураванай, што будзе цяжка, альбо яна будзе стыхійнай і дэструктыўнай, што будзе яшчэ цяжэй”, — падкрэсьлівае кіраўнік прадстаўніцтва СБ.

На яго думку, самай важнай задачай зьяўляецца рэструктурызацыя сэктара дзяржпрадпрыемстваў, якая прадугледжвае некалькі ключавых момантаў. Па-першае, варта пакінуць прыбытковыя дзяржпрадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасьці або прыватызаваць іх празрыстым чынам і па справядлівых рыначных цэнах. Па-другое, пакінуць пастаўшчыкоў дзяржаўных паслуг і рэгулятараў дзяржаўнымі, але дакладна вызначыць, што яны павінны даваць у абмен на дзяржаўныя сродкі. Па-трэцяе, рэструктурызаваць стратныя дзяржпрадпрыемствы, якія можна было б хутка зрабіць прыбытковымі, забясьпечыўшы добрую аддачу ад дадатковых інвэстыцый.

„Астатнія прадпрыемствы закрыць або прыватызаваць”, — лічыць Алекс Крэмер.

Разьмяркоўваць прадпрыемствы па гэтых катэгорыях, на яго думку, павінны незалежныя экспэрты, якія змогуць даць аб'ектыўную ацэнку, якія прадпрыемствы зьяўляюцца жыцьцяздольнымі, а якія — не.

„На жаль, рэструктурызацыя прадпрыемстваў пацягне за сабой страту часткі працоўных месцаў. Але ёсьць спосабы падтрымаць тых, хто страціць сваю працу. Па-першае, неабходна працягнуць спрашчаць нарматыўна-прававую базу для мікрапрадпрыемстваў і самазанятасьці, а па-другое, узмацніць праграмы сацыяльнай абароны насельніцтва”, — указвае кіраўнік прадстаўніцтва СБ.

„Нават калі пашырыць ужо існую праграму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў пяць разоў, яна абыдзецца бюджэту ўсяго ў 0,1% ВУП (у 95 разоў менш за суму сродкаў, якія беларусы патрацілі на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў у 2015 годзе). Таксама неабходна забясьпечыць належную праграму падтрымкі беспрацоўных”, — адзначае Крэмер.

Паводле яго ацэнак, каб скараціць фінансавы разрыў, беларускаму ўраду неабходна будзе павялічыць свае даходы й скараціць расходы. Сусьветны банк рэкамэндуе адмяніць падатковыя льготы й скараціць субсыдыі на цэнтралізаванае ацяпленьне. Пры гэтым банк лічыць вельмі важным павялічыць расходы на безнаяўныя жыльлёвыя субсыдыі, каб рахункі за ацяпленьне не сталі непад'ёмнымі для сямейнага бюджэту.

„Пры існай сыстэме дзяржпадтрымкі больш багатыя сям'і ў сярэднім атрымліваюць больш субсыдый на ацяпленьне, чым больш бедныя. Таму неабходна ўмацаваць праграму субсыдый на аплату камуналкі, каб тая была накіраваная на найменш забясьпечаныя сем'і, а не на тых, хто валодае вялікай колькасьцю квадратных мэтраў”, — падкрэсьлівае Крэмер.

У той жа час, канстатуе ён, Беларусь паляпшае ўмовы для вядзеньня бізнэсу і разьвіцьця ІТ-сэктара. „Мы можам уявіць лепшую будучыню: з ростам заробкаў, высакаякаснымі дзяржаўнымі паслугамі, адукацыяй сусьветнага ўзроўню й абноўленай інфраструктурай — якая будзе забясьпечвацца за кошт дынамічнага прыватнага сэктара й падаткаў, што выплачваюцца кампаніямі. Але гэта — у доўгатэрміновай пэрспэктыве. І каб такая будучыня стала магчымай, Беларусі неабходна вырашаць сёньняшнія эканамічныя праблемы, ажыцьцяўляючы адпаведныя рэформы”, — рэзюмуе кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банка.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт