2 ліпеня на беларускай мове пакажуць кранальны фільм пра вернасьць сабакі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.06.2019 13:33
Упершыню за час існаваньня праекта на паказ можна будзе прыйсьці разам з чатырохногімі сябрамі.
Foto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
2 ліпеня ў Міжнародны дзень сабак у Менску пройдзе спэцыяльны OKDog-паказ фільма «Хаціка: гісторыя сабакі» на беларускай мове. Далучыцца да мерапрыемства ў арт-прасторы ОК16 можна будзе разам са сваім гадаванцам. 5-7 ліпеня фільм у беларускай агучцы пакажуць у кінатэатрах Мінска - паведамляе tut.by.
Гэта адна з самых кранальных гісторый аб сяброўстве сабакі і чалавека. Упершыню за час існаваньня праекта на паказ можна будзе прыйсьці разам з чатырохногімі сябрамі. Dog-friendly-сеанс пройдзе ў партнэрстве з грамадзкім праектам OkiDog, які імкнецца сфармаваць у гарадах Беларусі камфортнае асяродзьдзе для ўладальнікаў сабак і іх гадаванцаў.
Незвычайны паказ адбудзецца 2 ліпеня на вялікім экране культурнага хаба ОК16 (вул. Кастрычніцкая, 16). Збор гасьцей з 18.30. Пачатак паказу ў 19.30. Сэанс бясплатны, але з абмежаванай колькасьцю месцаў. Каб патрапіць на паказ, трэба прайсьці. Пасьля спэцыяльнай прэм'еры фільм зьявіцца ў пракаце: стужку пакажуць 5, 6 і 7 ліпеня ў мінскіх кінатэатрах «Масква» і velcom cinema.
Фільм «Хаціка: гісторыя сабакі» (2008) заснаваны на рэальных падзеях з жыцьця адной японскай сямʼі. Знакамітая брытанска-амэрыканская мэлядрама з Рычардам Гірам у галоўнай ролі – гэта аповед пра сапраўдную вернасьць. Прафэсар Уілсан падабраў сабаку пароды акіта-іну, калі той быў шчанюком. Памiж жывёлаю i чалавекам завязалася сяброўства – настолькі моцнае, што Хаціка кожную раніцу праводзіў гаспадара на чыгуначную станцыю, калі ён адпраўляўся на працу, і цярпліва чакаў яго вяртаньня. Аднойчы прафэсар не вярнуўся, але сабака яшчэ цэлых дзевяць гадоў прыходзіў на вакзал у надзеі яго сустрэць.