З нагоды Эўрапейскіх гульняў можна ўбачыць калекцыю алімпійскіх узнагарод
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
21.06.2019 14:24
Гэта мэдалі, факелы, дыплёмы прызёраў і ўдзельнікаў гульняў, ганаровыя знакі, кубкі, статуэткі і г.д.
www.pixabay.com
Выстава алімпійскіх узнагарод і мэдалёў з прыватнай калекцыі вядомага расейскага прадпрымальніка Уладзіміра Патаніна, прымеркаваная да II Эўрапейскіх гульняў, адкрылася сёньня ў Менскай гарадзкой ратушы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Калекцыя зьмяшчае каля 400 экспанатаў. Сярод іх – залатыя, сярэбраныя, бронзавыя і памятныя мэдалі, факелы, дыплёмы прызёраў і ўдзельнікаў гульняў, ганаровыя знакі, кубкі, статуэткі ды іншае з розных гадоў. Аўкцыённы кошт узнагародных мэдалёў – ад $2 тыс. да $250 тыс. Самыя дарагія з іх – імянныя. Факелы каштуюць ад $1,5 тыс. да $170 тыс. – цана залежыць ад рарытэтнасьці.
Калекцыя Патаніна далучае да гісторыі і спадчыны спартыўнага руху і алімпізму. У 2019 годзе яе вырашылі зрабіць даступнай для шырокай публікі. Менск стане зыходным пунктам выставачнага праекта, далей калекцыя адправіцца ў міжнароднае турнэ і будзе прадстаўлена на XXXII летніх Алімпійскіх гульнях у Токіо і іншых значных спартыўных мерапрыемствах.
Алімпійская калекцыя – гэта некамэрцыйны праект, яго галоўная мэта – даць людзям натхняльны зарад перад знакавай спартыўнай падзеяй, таму ўваход для ўсіх жадаючых бясплатны. Наведвальнікі выставы змогуць ня толькі ўбачыць алімпійскія рэліквіі, але і акунуцца ў іх гісторыю. У гэтым ім прыйдуць на дапамогу сучасныя мультымэдыйныя тэхналёгіі. Кожны экспанат калекцыі суправаджаецца дадатковымі тэкставымі і відэаматэрыяламі, якія дадуць магчымасьць гасьцям далучыцца да гісторыі алімпіяд. Выстава алімпійскіх узнагарод будзе працаваць у Менскай гарадзкой ратушы па 14 ліпеня.
II Эўрапейскія гульні пачынаюцца ў Беларусі ў пятніцу 21 чэрвеня.