13 дзён запар у Беларусі абнаўляліся тэмпэратурныя рэкорды
PR dla Zagranicy
Eduard Zholud
17.06.2019 09:15
Паводле прагнозу сыноптыкаў, 17 чэрвеня дзённыя максымумы не перавысяць 30 градусаў цяпла.
Аграгарадок Азарычы, Гомельская вобласьць radyjo.net/Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд
Трынаццаць дзён запар (з 4 па 16 чэрвеня) у шэрагу гарадоў Беларусі, уключаючы Менск, абнаўляліся тэмпэратурныя рэкорды месяца за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Самым гарачым днём было 12 чэрвеня — у Жлобіне паветра прагрэлася да 34,7 градуса. Да паўтарэньня абсалютнага рэкорду першага летняга месяца для ўсёй тэрыторыі Беларусі не хапіла 0,9 градуса (23 чэрвеня 1964 году ў Беразіно было 35,6 градуса цяпла).
У апошнія дні на тэрыторыю краіны пачало паступаць больш халоднае паветра, таму 15 чэрвеня новыя максымумы тэмпэратур былі зафіксаваныя толькі на поўдні Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, а 16 чэрвеня — толькі ў Пінску — 32,6 градуса цяпла (было 31,7 у 2007 годзе). У асобных раёнах на паўночным захадзе дзённая тэмпэратура 16 чэрвеня не дасягнула і 20 градусаў (у Ашмянах было 19,3, у Лынтупах — 19,9). Прайшлі дажджы, месцамі моцныя: напрыклад, у Івацэвічах выпала ападкаў, 38% месячнай нормы ападкаў (28 мм), у Ганцавічах — 21 мм (24% месячнай нормы), Лідзе — 17 мм (22%), Менску −12 мм (13%).
Паводле прагнозу сыноптыкаў, 17 чэрвеня дзённыя максымумы не перавысяць 30 градусаў цяпла.
www.svaboda.org/эж