Жанчына нарадзіла здаровае дзіця і зьдзейсьніла самагубства
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
14.06.2019 15:35
Сябры і сваякі парадзіхі кажуць, што не заўважалі якіх-небудзь зьмяненьняў у паводзінах і стане жанчыны.
pixabay.com/Public Domain CC0
Ноччу 14 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным пэрынатальным цэнтры зьдзейсьніла суіцыд жанчына. Сябры і сваякі парадзіхі кажуць, што не заўважалі якіх-небудзь зьмяненьняў у паводзінах і стане жанчыны – нічога, што відавочна магло б падштурхнуць 27-гадовую Алену да суіцыду. Яна разам з мужам вельмі чакала нараджэньня дачкі. Дзіця зьявілася на сьвет 6 чэрвеня, піша «Наша Ніва».
Алена працавала бугальтарам у адной са школ Гродна. На яе старонцы ў сацыяльных сетках – пазытыўныя статусы пра каханьне і адносіны, фатаграфіі з мужам і з падарожжаў.
- Заўсёды спакойная была, ціхая дзяўчынка. Дачку яны з мужам вельмі чакалі, да апошняга ўсё хавалі. Баяліся, напэўна, каб не сурочылі, – кажа сваячка дзяўчыны.
На тое, па словах знаёмых Алены, былі прычыны: некалькі гадоў таму жанчына нарадзіла дзіця нашмат раней за тэрмін, яно памерла.
Па словах знаёмых жанчыны, Алену раніцай знайшлі павешанай у сталовай аддзяленьня, дзе яна ляжала разам з дачкой.
- Напярэдадні жанчына без ускладненьняў нарадзіла здаровае дзіця. Яе паводзіны не выклікалi праблемаў, – распавёў галоўны ўрач абласнога пэрынатальнага цэнтра Уладзімір Звярко.
нг