У Беларусі заняліся аднаўленьнем тарфянікаў
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
14.06.2019 09:46
Сёлета плянуецца правесьці экалягічную рэабілітацыю больш як 7,6 тысяч га балот.
Foto: pixabay.com/CC0
Рэабілітацыя праводзіцца ў рамках праекту ААН, паведамляе Белта.
Тарфянікі разьмешчаныя ў Вілейскім, Гарадоцкім, Шаркаўшчынскім, Мёрскім, Смаргонскім раёнах. Таксама на балоце Дакудаўскае ў Лідзкім раёне апрабуюць новую мэтодыку паскоранага абнаўленьня экасыстэм. Раней такая работа праводзілася на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці.
Па праекце, падтрыманым урадам Рэспублікі Карэя і Канвэнцыяй ААН па барацьбе з апустыньваньнем, адноўлена больш за тысячу га дэградаваных і неэфэктыўна асушаных балот. Ключавым мерапрыемствам стала забалочваньне асушаных тарфянікаў Наркаўшчына Чэрыкаўскага раёна (383 га) і Печанеж Касьцюковіцкага раёна (670 га).
У траўні бягучага года на тэрыторыі рэгіёна праходзіла маніторынгавая місія прадстаўнікоў сакратарыята Канвэнцыі і Міністэрства харчаваньня, сельскай, лясной гаспадаркі і рыбалоўства Рэспублікі Карэя. Экспэрты высока ацанілі намаганьні Беларусі па экалягічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў. Вынікі праекта будуць прадстаўленыя восеньню на канфэрэнцыі ААН па барацьбе з апустыньваньнем, якая пройдзе ў Індыі.
Рэабілітацыя парушаных балот дапамагае стабілізацыі ўзроўню грунтавых вод, прадухіленьню мінэралізацыі торфу і высыханьня глеб, скарачэньню выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру, зьніжэньню рызыкі лясных пажараў, а таксама павелічэньню колькасьці рэдкіх відаў флёры і фаўны.
юл