Logo Polskiego Radia
Print

У Віцебскай вобласьці Беларусі людзі пакутуюць ад расейскіх мядзьведзяў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.05.2019 16:44
Па падліках таварыства паляўнічых і рыбаловаў, у раёне гаспадарыць каля 60–80 мядзьведзяў.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакPhoto: pixabay.com

Гарадоцкі раён Віцебскай вобласьці перажывае нашэсьце мядзьведзяў. Драпежнікі спакойна заходзяць у вёскі і разбураюць вульлі. Па падліках таварыства паляўнічых і рыбаловаў, у раёне гаспадарыць каля 60–80 мядзьведзяў, - паведамляе Эўрарадыё.

Дырэктар Гарадоцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Юрый Лявонаў распавёў Эўрарадыё, што жывёлы прыйшлі ў Беларусь з Расеі:

«Там палі не засеяны, а ў нас засеяны. Гэта кармавая база: мядзьведзю трэба карміцца. Пшаніца, авёс, збожжа пойдзе – дык на палях будзе мядзьведзь. Адзін раз паспрабаваў лёгкага кармленьня – яму і хочацца сюды ісьці зноў. Да таго ж там на іх дазволена паляваць. А тут яны робяць што хочуць».

А вось беларускім паляўнічым мядзьведзяў чапаць нельга. «Мядзьведзь – гэта чырванакніжная жывёла. Гэта не паляўнічы від, таму ні пужаць, ні страляць паляўнічыя правоў не маюць. Інакш гэта крымінальная справа» – працягвае Юрый Лявонаў.

Спэцыяліст выступае за тое, каб выводзіць мядзьведзяў з Чырвонай кнігі. Тады іх можна было б зрабіць «нармаваным відам» – накшталт ваўкоў, папуляцыя якіх рэгулюецца ў тым ліку і з дапамогай паляўнічых.

паводле Эўрарадыё/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт