У Берасьці пратэставалі супраць акумулятарнага завода
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
19.05.2019 16:09
На думку пратэстоўцаў, завод ужо працуе, але без акта яго ўводу ў эксплёатацыю.
Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain
19 траўня праціўнікі акумулятарнага завода ў чарговы раз сабраліся на плошчы Леніна ў Берасьці. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю ўжо больш за год – з 25 лютага 2018 году.
Як паведамляе БелаПАН, а 12.40 на плошчы іх знаходзілася каля 200 чалавек, за якімі назіралі каля дзесятка супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Яны папярэджвалі праз мэгафон аб тым, што сустрэча зьяўляецца несанкцыянаванай акцыяй.
Як паведаміў у ходзе сёньняшняй сустрэчы Зміцер Бекалюк, праціўнікі завода працягваюць кругласутачна дзяжурыць каля прадпрыемства. «Завод працуе без акта яго ўводу ў эксплёатацыю», – заявіў ён.
Актывісты дзяжураць ля завода кругласутачна, пачынаючы з 3 мая. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, пад выглядам пусканаладачных работ ужо паўнавартасна выпускае прадукцыю і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы.
Таксама сёння на плошчы праціўнікі завода абмяркоўвалі намечаныя на наступны тыдзень суды над актывістамі. Па словах Вялічкіна, будуць судзіць не менш за пяць чалавек, якія ўдзельнічалі ў шэсьцях ў Брэсце 7 і 14 красавіка (арт. 23.34 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Праваабаронца лічыць, што на гэтым «судовы канвеер не спыніцца». «Гэта робіцца для таго, каб прымусіць людзей замаўчаць і каб яны адчулі бездапаможнасць перад рэпрэсіўнай дзяржаўнай машынай», – сказаў ён.
Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста – Пушкінскай і Савецкай – да ЦУМу на праспекце Машэрава. Калону таксама суправаджалі супрацоўнікі міліцыі. Ніхто затрыманы ня быў.
паводле naviny.by/нг