Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі прэзэнтуюць творчасьць пісьменьнікаў з Падляшша

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.05.2019 12:30
Творы Н. Артымовіч і М. Андрасюка прадставяць у Літаратурным музэі М. Багдановіча.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com

15 мая ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча – творчая сустрэча з пісьменьнікамі беларускага Падляшша.

У выдавецкай сэрыі тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» – важкае папаўненьне: дзьвюхмоўнае выданьне вершаў Надзеі Артымовіч «Краявід з невідочнай памылкай» (у арыгінале і ў перакладзе на польскую мову Марціна Рэмбача) і новая кніга прозы Міхала Андрасюка «Поўня».

15 мая ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча гэтыя дастаткова рэдкія ў беларускіх кнігарнях выданьні прадстаўляюць на імпрэзе з удзелам аўтараў і рэдактараў.

Перад слухачамі выступяць празаік, старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, празаік Міхал Андрасюк, выдавец, галоўны рэдактар тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа.

«Пасьля доўгага зацішша перад Чытачамі неверагодна таямнічая «Поўня» Міхала Андрасюка. Літаратура бязьмежная ў сваёй лёсавызначальнасьці часу і прасторы. Сваімі вобразамі і словамі высьпявала стагоддзямі ў магічным сьвеце Белавескай пушчы і ўзьляцела звыш межаў жыцьця і сьмерці. Чытаючы гэтую кнігу, мы можам на хвіліну адчуваць сябе ў некалькіх вымярэньнях, але без патрэбы ставіць лішнія пытаньні наконт сьвету бачанага і нябачанага. Поўня празаічнага таленту Міхала Андрасюка раскрываецца перад намі», – піша Яўген Вапа

Міхал Андрасюк нарадзіўся 2 снежня 1959 года ў Гайнаўцы на Падляшшы. Дзяцінства і маладосьць правёў у вёсцы Войнаўка ў гміне Дубічы-Царкоўныя, дзе і зараз пражывае. Піша па-беларуску і па-польску. Аўтар кніг прозы «Фірма» (Беласток, 2000), «Мясцовая гравітацыя» (2004), «Белы конь» (2006), «Krzyżyk» (2015). Узнагароджаны «Залатым апострафам» часопіса «Дзеяслоў» за сваю прозу, якая друкавалася на яго старонках у 2009 годзе.

Надзея Артымовіч нарадзілася 18 лютага 1946 года ў Аўгустове, Бельскага павету. Скончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт (беларуская філялёгія). Жыве ў Бельску-Падляшскім. Аўтарка кніг «We śnie w bólu słowa» (1979), «Роздумы» (1981), «Сезон у белых пейзажах» (1990), «З неспакойных дарог» (1993), «Дзверы» (1994, разам з Алесем Разанавым).

Месца: Літаратурны музэй Максіма Багдановіча

Час: 18.30

Наша Ніва/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт