Logo Polskiego Radia
Print

МЗС Беларусі 10-ы раз не акрэдытавала журналіста

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.05.2019 11:46
Гэта дыскрымінацыя грамадзян па прафэсійнай прыкмеце, кажуць праваабаронцы.
Foto: pixabay.com/CC0

Чарговая спроба гарадзенскага журналіста-фрылянсэра Віктара Парфёненкі атрымаць афіцыйную акрэдытацыю скончылася адмовай.

13 траўня сябра БАЖ, які хоча афіцыйна супрацоўнічаць з Беларускім Радыё Рацыя, не дачакаўшыся адказу на пададзены пакет дакумэнтаў для акрэдытацыі, змог датэлефанавацца ў МЗС. Як паведаміла «Гарадзенская Вясна», супрацоўніца гэтай установы сказала, што адказ будзе накіраваны на адрас рэдакцыі Беларускага Радыё Рацыя.

Віктар Парфёненка слушна запярэчыў, што паколькі ён падаваў заяву не на рэгістрацыю рэдактарскага пункту, а на асабістую акрэдытацыю яго як журналіста, то МЗС павінна даць яму адказ у адпаведнасьці са зваротамі грамадзян Рэспублікі Беларусь. Тым больш, што раней на падобныя звароты ён нязьменна атрымліваў афіцыйны адказ на свой адрас. Праўда, апошнім разам, у чэрвені 2018 года, яму ўжо адказалі праз электронную пошту.

Настойлівыя патрабаваньні Віктара Парфёненкі паведаміць вынікі разгляду яго дакумэнтаў прывялі да таго, што супрацоўніца МЗС вусна яму паведаміла, што заяўка на акрэдытацыю яго як журналіста не задаволена. Якім будзе афіцыйнае тлумачэньне адмовы – пакуль невядома.

Такім чынам, чарговы раз атрымліваецца, што журналісты-фрылянсэры апынуліся ў замкнутым коле і па надуманых прычынах не маюць шанцаў акрэдытавацца ў Рэспубліцы Беларусь. Праваабаронцы адзначаюць парушэньне канстытуцыйных правоў і дыскрымінацыю грамадзян па прафэсійнай прыкмеце.

Паводле ПЦ «Вясна»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт