У Брэсцкай крэпасьці добра прадаецца «сымболіка перамогі»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
08.05.2019 16:36
Моладзь у Брэсце робіць грошы на пачуццях расейскіх турыстаў.
Фота nn.by
Традыцыйна перад 9 Мая Брэсцкую крэпасьць наведваюць тысячы турыстаў з Расеі. «Расейскі сэзон» расьцягваецца на ўсю першую дэкаду месяца. Ён прыносіць добры даход аграсядзібам, гатэлям, казіно, а таксама проста прадпрымальным маладым людзям.
На паркоўцы перад уваходнай брамай малады хлопец гандлюе «сымболікай перамогі»: чырвонымі сьцяжкамі з «георгіеўскім» фальклёрам, магніцікамі і пілёткамі.
Гандаль вядзецца без чэкаў і касавых апаратаў, бо ніхто не будзе правяраць прадаўцоў у «святым для кожнага савецкага чалавека месцы».
Улады Беларусі сочаць за тым, каб у публічнай прасторы гарадоў, у тым ліку і Брэста, дамінавала беларуская сымболіка, у тым ліку «кветка мірнага жыцьця» — яблыневы цвет на фоне беларускага сьцяга. Але расейскім турыстам ніхто не перашкаджае выказваць свае пачуцьці, хоць па начах георгіеўскія стужкі ціха здымаюць.
Для пабудовы Брэсцкай крэпасьці ў ХІХ ст. расейскія ўлады зьнеслі стары — гатычны і барочны Берасьць — у тым ліку замак і Мікалаеўскую царкву, у якой у 1596 годзе была заключаная Берасьцейская унія.
У 1941 годзе шматлікі гарнізон крэпасці ў першыя ж гадзіны вайны аказаўся ў нямецкім акружэнні і некалькі тыдняў абараняўся (сам горад Брэст немцы захапілі за некалькі гадзін). Пасля вайны савецкія ўлады надалі крэпасьці званне «крэпасць-герой». У цытадэлі быў створаны мэмарыял, для стварэньня большага эфекту некаторыя будынкі зьнесьлі да стану руін. Такі лёс напаткаў, у прыватнасці, Белы палац — былы ўніяцкі базыльянскі манастыр, у якім у 1918 годзе быў падпісаны Берасьцейскі мір.
Мэмарыял Брэсцкай крэпасьці стаў помнікам трагізму першых месяцаў вайны, калі абяскроўленая сталінскімі рэпрэсіямі армія толькі цаной жахлівых страт спыніла наступ нацыстаў.
nn.by/яс