Google вывучыў расклад менскага транспарту
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
02.05.2019 17:11
На мапах кампаніі Google зьявілася магчымасьць фармаваць маршруты на грамадзкім транспарце ў Менску.
Logo wyszukiwarki Google - zdjęcie ilustracyjneSimon/CC0 License
Трэба толькі выбраць пачатковы і канечны пункт, а ў якасьці спосабу перасоўваньня выбраць кнопку з малюнкам электрычкі. Можна таксама націснуць на прыпынак і паглядзець расклад транспарту на ім.
Функцыя зьявілася як у вэб-вэрсіі мапаў, так і ў мабільных праграмах. Шукаюцца маршруты аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, мэтро і маршрутных таксі – апошнім аддаецца прыярытэт, калі іншым транспартам трэба шмат перасадак або паездка задоўгая.
Пошук маршрутаў з грамадзкім транспартам пакуль не працуе ў іншых гарадах Беларусі. Але можна шукаць транспарт, які ходзіць зь Менску ў прыгарады: напрыклад, Google падкажа, як даехаць зь Менску ў Бараўляны ці ў Дзяржынск.
Адзінае, што ня маюць мапы Google – гэта функцыя адсочваньня менскага транспарту ў рэальным часе. Летась такая функцыя зьявілася ў расейскай праграме «Яндэкс.Транспарт». Гэта вынік рашэньня дзяржаўнай установы «Менсктранс», якая дзеліцца згаданымі зьвесткамі толькі зь «Яндэксам», закрыўшы доступ да лякацыі транспарту ў рэальным часе іншым распрацоўнікам.
Паводле Радыё «Свабода»/юл