Logo Polskiego Radia
Print

Сьледчы камітэт вярнуў тэхніку „Белсату”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.04.2019 11:01
9 красавіка ў офісе тэлеканалу „Белсат” адбыўся ператрус зьвязаны са справай аб „паклёпе”.
http://sk.gov.by/by/structure-central-by/, https://be.wikipedia.org/w/index.php?curid=231343

Сьледчы камітэт Беларусі вярнуў супрацоўнікам тэлеканалу „Белсат” забраную падчас ператрусу 9 красавіка тэхніку й папрасіў прабачэньня. Пра гэта напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку дырэктарка каналу Агнешка Рымашэўская.

Як расказаў Радыё Свабода намесьнік дырэктара „Белсату” Аляксей Дзікавіцкі, у Сьледчы камітэт на 17.00 11 красавіка запрасілі Аляксея Мінчонка, на чыё імя арандаваная кватэра, дзе знаходзілася тэхніка тэлеканалу. Яму вярнулі ўсё, што было вынесена адтуль 9 красавіка.

Польскі беларускамоўны тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь са сьнежня 2007 году. Канал неаднаразова зьвяртаўся па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў, але атрымліваў адмовы.

Праз адсутнасьць акрэдытацыі карэспандэнтам „Белсату” пэрыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за „незаконны выраб і пашырэньне прадукцыі СМІ” (ч. 2 або ч. 3 арт. 22.9 КаАП). Некаторым выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць.

Летась тых, хто супрацоўнічае зь „Белсатам”, сумарна аштрафавалі на 46 тысяч даляраў у эквіваленце.

Нагадаем, афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч пацьвердзіў Свабодзе, што ператрус у офісе тэлеканалу „Белсат” зьвязаны са справай аб „паклёпе”.

Журналіст Алесь Залеўскі расказаў, што ператрус можа быць зьвязаны з крымінальнай справай, якую распачалі па факце адной з публікацый.

Цяпер у Беларусі за паклёп (арт. 188 КК РБ) ці абразу (арт. 189) могуць пакараць штрафам, арыштам, папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Таксама ёсьць крымінальныя артыкулы за абразу прэзыдэнта (арт. 368), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369) і абразу судзьдзі (атр. 391). За абразу простага прадстаўніка ўлады або судзьдзі дадуць максымум тры гады абмежаваньня волі, за абразу прэзыдэнта — да трох гадоў пазбаўленьня волі. За паклёп адносна прэзыдэнта (арт. 367) максымальнае пакараньне — 5 гадоў турмы.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі заявіў БелаПАН, што ўсе артыкулы за дыфамацыю павінны быць прыбраныя з Крымінальнага кодэксу.

Паводле яго, пазыцыю БАЖ падтрымліваюць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў і Арганізацыя па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт