Глыбоцкага журналіста будуць судзіць за пікетаваньне ў Дзень Волі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
06.04.2019 15:21
Разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні адбудзецца ў Глыбоцкім раённым судзе 11 красавіка.
Photo: QuinceMedia/pixabay.com/CC0 Public Domain
На глыбоцкага журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ), піша "Віцебская Вясна". Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook сам журналіст. Разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні адбудзецца ў Глыбоцкім раённым судзе 11 красавіка.
25 сакавіка глыбоцкія актывісты адзначылі Дзень Волі ўскладаньнем кветак да бюсту прэм’ера БНР Вацлава Ластоўскага, да мэмарыяльнай дошкі стваральніку нацыянальнага сьцяга Клаўдыю Дуж-Душэўскаму, на магілу сябра Саюзу беларускіх патрыётаў Альберта Бацяноўскага. Пасьля гэтага запусьцілі бел-чырвона-белы сьцяг на паветраных балёніках у неба.
У сьвяткаваньні бралі ўдзел 12 глыбачан. Усе дзеяньні актывістаў здымалі на камэры супрацоўнікі міліцыі й КДБ, нікога не затрымлівалі. Адміністрацыйны пратакол склалі толькі на Зьмітра Лупача.
Суды пасля Дня Волі ў Віцебску й Глыбокім:
10 красавіка, Віцебск: суд Першамайскага раёну, справа Міколы Качурца аб спагнаньні шкоды з Кастрычніцкага РАУС за зьнішчаны бел-чырвона-белы сьцяг (на Дзень Волі – 2018). Пачатак – 10.00.
11 красавіка, Віцебск: суд Кастрычніцкага раёну, разгляд адміністрацыйных справаў супраць Міколы Качурца, Яраслава Кійко і Ўладзімера Кійко – за фатаграфаваньне з бел-чырвона-белым сьцягам на Дзень Волі – 2019. Суд прызначаны на 10.00.
11 красавіка, Глыбокае: суд Глыбоцкага раёну, адміністрацыйная справа Зьмітра Лупача (арт. 23.34 КаАП РБ). Пачатак паседжаньня – 10.00.
spring96.org/аз