Ганна Канапацкая накіравала дэпутацкія запыты з-за сытуацыі ў Курапатах
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
05.04.2019 17:03
Ганна Канапацкая была ў Курапатах і на месцы запатрабавала ў дырэктара Бараўлянскага спэцлясгасу паказаць дакумэнты, на падставе якіх вядуцца работы.
Ганна КанапацкаяАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая патрабуе ад Міністэрства лясной гаспадаркі й Міністэрства культуры падаць дакумэнты, якія пацьвярджаюць законнасьць работ у Курапатах.
Адпаведныя дэпутацкія запыты Канапацкая накіравала 5 красавіка міністру лясной гаспадаркі Віталю Дрожжу й культуры Юрыю Бондару.
У першым звароце Канапацкая просіць міністра даць зьвесткі пра заказчыка работ, іх аб'ёме і тэрмінах правядзеньня, а таксама дакумэнты, якія пацьвярджаюць выкананьне заказчыкам патрабаваньняў Дзяржаўнай інспэкцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
У звароце на імя міністра культуры парлямэнтар таксама запытвае дакумэнты, якія могуць пацьвердзіць патрабаваньні дзяржінспэкцыі.
4 красавіка Ганна Канапацкая была ў Курапатах і на месцы падзей запатрабавала ў дырэктара Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандра Мірановіча паказаць дакумэнты, на падставе якіх вядуцца работы, у тым ліку дазвол ад Мінкультуры на іх правядзеньне, паколькі Курапаты зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Аднак Мірановіч адмовіўся гэта зрабіць, накіраваўшы яе ў прэс-службу міністэрства.
naviny.by/вс