Logo Polskiego Radia
Print

Беларускай віртуальнай бібліятэцы "Камунікат" прысуджаная прэмія "Празрысты ЭОЛ"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.03.2019 14:46
Спэцыяльны прыз за шматгадовае спрыяньне прысутнасьці беларускай літаратуры ў сеціве атрымаў Я. Іванюк.
photo: www.premija.litrazh.org

22 сакавіка ў Мінску ў Галерэі TUT.BY адбылося ўрачыстае ўганараваньне першых у гісторыі ляўрэатаў прэміі «Празрысты ЭОЛ». Прызы аўтарства скульптара Паўла Вайніцкага былі ўручаныя ў шаснаццаці катэгорыях.

Вёў імпрэзу Максім Жбанкоў. Прызы ўручылі сябры Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі Ігар Бабкоў, Зьміцер Вішнёў, Аляксандр Фядута, Тацьцяна Барысік, Віктар Жыбуль, Марыя Роўда, Кацярына Барысенка, Барыс Пятровіч, Ганна Севярынец, Зьміцер Бартосік, Артур Клінаў, Уладзімір Арлоў.

Спэцыяльны прыз рэдакцыі часопіса «ЛітРАЖ» за ўнёсак у беларускую віртуальную літаратуру атрымала інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» за шматгадовае спрыяньне прысутнасьці беларускай літаратуры ў сеціве. Прыз ад рэдактара «ЛітРАЖа» Ўладзіміра Глазава прыняў стваральнік «Камунікату» Яраслаў Іванюк.

У астатніх пятнаццаці катэгорыях пераможцаў вызначала Віртуальная Літаратурная Акадэмія ў тайным электронным галасаваньні, якое адбывалася ў два туры.
Найлепшым літаратурным вэб-выданьнем паводле меркаваньня Акадэміі стаў сам заснавальнік прэміі часопіс «ЛітРАЖ».

Найлепшай электроннай кнігай прозы 2018 была абвешчаная кніга Сяргей Календы «Часам панкі паміраюць», дэбют якой таксама адбыўся на старонцы litrazh.org.
У жанры нон-фікшн «ЭОЛа» за найлепшую электронную кнігу атрымала «Клініка кітайскага дантыста» Зьміцера Бартосіка, а за найлепшы перакладны нон-фікшн – кніга Марціна Полака «Затушаваныя краявіды» ў перакладзе Веры Дзядок.

У катэгорыі «Найлепшы літаратурны вэб-праект года» быў уганараваны Ян Максімюк за стварэньне фэйсбук-суполкі «Толькі пра літаратуру». Аўдыёраман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» атрымаў «ЭОЛа» як найлепшы літаратурны аўдыёзапіс года.

Сеціратурным адкрыцьцём года было прызнанае вызначэньне дакладнай даты напісаньня верша Алеся Дудара «Пасеклі край наш напалам», плён дасьледчыцкай працы пісьменьніцы Ганны Севярынец.

У астатніх катэгорыях (онлайн-публікацыі) дамінаваў часопіс «ЛітРАЖ» з чатырма пераможцамі: найлепшая п’еса («Турэмшчык» Зьміцера Дзядзенкі), найлепшае эсэ («Восеньскі лексыкон птушак і рыб» Ігара Бабкова), найлепшы пераклад паэзіі («Спеў пра мяне» Уолта Уітмена ў перакладзе Макса Шчура) і найлепшая празаічная публікацыя («Пенсія» Вінцэся Мудрова).

Былі адзначаныя таксама публікацыі іншых вэб-выданьняў і сайтаў.
Пры канцы імпрэзы вядоўца Максім Жбанкоў выказаў ад імя арганізатараў надзею, што і ў наступным годзе «Празрыстыя ЭОЛы» знойдуць свой шлях да ляўрэатаў, і што прапанова беларускіх электронных кніг, онлайн-літаратуры і літаратурных мэдыя-праектаў будзе больш шырокай і разнастайнай. У такім разе Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі ўдасца ўручыць прызы ўва ўсіх прадугледжаных паводле Статуту прэміі катэгорыях.

паводле ЛітРАЖ/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт