У Беларусі на 14 год пасадзілі паляка
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
22.03.2019 15:43
Падставай стаў перавоз праз мяжу ды продаж экстазі ў Беларусі
Foto: pixabay.com/CC0
У Камянцы за перамяшчэньне праз мяжу і незаконны абарот асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў асуджаны 56-гадовы грамадзянін Польшчы.
Паводле словаў намесьніцы пракурора Камянецкага раёна Яны Шэлест, замежніка затрымалі 6 чэрвеня 2018 года блізу горада Высокае пры продажы 303 таблетак экстазі, якія грамадзянін Польшчы раней незаконна завёз на тэрыторыю Беларусі.
На днях суд Камянецкага раёна прызнаў замежніка вінаватым па ч. 2 арт. 328-1 КК (незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў у буйным памеры) і ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў), і прыгаварыў яго да 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
У судзе фігурант не прызнаў сваю віну і адмовіўся ад дачы паказаньняў. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Паводле Белапан/юл