У Беларусі колькасьць турыстаў з ЭЗ у 2018 годзе вырасла амаль удвая
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
11.03.2019 11:12
Больш за ўсё людзей па арганізаваных турах прыехала зь Летувы - амаль 60 тыс. і Польшчы - 46,3 тыс.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain
Колькасьць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў з краін Эўразьвязу ў 2018 годзе ў Беларусі вырасла амаль у 2 разы. Гэта вынікае з статыстычнай інфармацыі, разьмешчанай у бюлетэні Белстата аб разьвіцьці турызму ў 2018 годзе.
Так, калі ў 2017 годзе з краін Эўразьвязу ў Беларусь у якасьці турыстаў і экскурсантаў прыехалі 70 089 чалавек, то у 2018 годзе іх было ўжо 135 059. Статыстыка ўлічвае тых, хто адправіўся ў Беларусь па пуцёўках, набытых у туркампаніях.
Турыстам лічыцца чалавек, чыё падарожжа доўжыцца ад 24 гадзін да аднаго году, або той, хто робіць ня менш за адну начоўку. Экскурсанты зьдзяйсьняюць экскурсію без начоўкі.
Больш за ўсё людзей па арганізаваных турах прыехала зь Летувы - амаль 60 тыс. (рост у 2,3 разы ў параўнаньні з 2017 годам) і Польшчы - 46,3 тыс. (рост у 2 разы). Тройку замыкае Латвія, турпaток адкуль вырас у 1,7 разы да 11 тыс. Чалавек. У топ-5 таксама Нямеччына й Гішпанія. Калі зь Нямеччыны прыехала арганізаваных турыстаў і экскурсантаў на 15% больш, то зь Гішпаніі - у 2,3 разы больш, чым у 2017 годзе. Колькасьць прыбыўшых з краін СНД вырасла на 7,3% да 213 431 турыста й экскурсанта. Пры гэтым больш за ўсё прыехала з Расеі - 207 416 (рост на 8,3%). Зь іншых краін у Беларусі падарожнічалі 17 044 турыста й экскурсанта (плюс 23,2% да 2017 году).
На 28% вырас паток з ЗША й Ізраіля (да 1 723 і 2 069 чалавек адпаведна), на 40% - з Турцыі (1 613). Кітай паказаў рост на 4% (у Беларусь прыехалі 3 277 удзельнікаў). Прыкметна вырасла колькасьць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў - 1 034 чалавека ў 2018 годзе супраць 28 у 2017-м. У цэлым колькасьць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Беларусь у 2018 годзе, склала 365 534 чалавека (у 2017-м - 282 694). Па бязьвізавым рэжыме больш за ўсё арганізаваных турыстаў і экскурсантаў прыехалі зь Летувы, Польшчы, Латвіі, Нямеччыны, Эстоніі й Вялікабрытаніі.
belta.by/аз