У папраўчай калёніі зьдзейсьніў самагубства асуджаны за абарот наркотыкаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.03.2019 10:53
«Сьмерць асуджанага ў калёніі – не радавая падзея, але, на жаль, гэта становіцца ледзь не штодзённым фактам у Беларусі".
pixabay.com/Public Domain CC0
У папраўчай калёніі № 22 пад Івацэвічамі (Брэсцкая вобласьць), дзе сканцэнтраваныя ў асноўным асуджаныя за злачынствы, зьвязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, адзін са зьняволеных пакончыў з сабой. Яго знайшлі павешаным у адным з тэхнічных памяшканьняў установы, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Плятформа».
Як атрымалася высьветліць праваабаронцам, прычынай самагубства сталі нефармальныя адносіны паміж асуджанымі, наступствы якіх прывялі да сьмерці зьняволенага. Паводле наяўнай у «Плятформы» інфармацыі, загінулага клікалі Максім і ён быў прыгавораны да працяглага тэрміну зьняволеньня.
«Сьмерць асуджанага ў калёніі – не радавая падзея, але, на жаль, гэта становіцца ледзь не штодзённым фактам у Беларусі. Асабліва трагічна, калі гэта адбываецца з-за няўменьня супрацоўнікаў калёніі своечасова адрэагаваць на пачатак канфлікту сярод асуджаных, пра што яны добра праінфармаваныя», – гаворыцца ў паведамленьні.
Як адзначаюць праваабаронцы, у самой калёніі ад камэнтароў адмовіліся, параіўшы зьвярнуцца ў інфармацыйную службу дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС. «Атрымаць тлумачэньні ў ДВП МУС таксама было немагчыма, бо 8 сакавіка нікога з супрацоўнікаў, упаўнаважаных даць якую-небудзь інфармацыю на гэта конт, на месцы не аказалася. Тым ня менш, з размовы з дзяжурным супрацоўнікам ПУ »ПК-22« удалося зразумець, што інфармацыя, перададзеная нам сваякамі асуджаных, адпавядае рэчаіснасьці. Падрабязнасьці здарэньня мы даведаемся найбліжэйшым часам», – паведамляе «Плятформа».
БелаПАН/Плятформа/нг