Logo Polskiego Radia
Print

У жніўні ў Лідзе ўстановяць помнік Гедыміну

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 09.02.2019 16:03
У Лідзе на скрыжаваньні вуліц Грунвальдзкай і Замкавай адкрыюць помнік вялікаму князю літоўскаму Гедыміну.
Праект помніка Гедыміну ў ЛідзеПраект помніка Гедыміну ў ЛідзеФота: Grodnonews.by

У Лідзе, каля паўночнай сьцяны замка, у жніўні ўстановяць, а ў верасьні адкрыюць трохтонны бронзавы помнік вялікаму князю літоўскаму Гедыміну, які лічыцца заснавальнікам горада. Урачыстасьць будзе прымеркавана да 75-годзьдзя Гарадзенскай вобласьці.

Гэта будзе статуя вершніка на высокім пастамэнце на скрыжаваньні вуліц Грунвальдзкай і Замкавай. Як паведаміў намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкама Віктар Пранюк, праект рэалізуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў, ахвяраваньняў грамадзян і арганізацый, у тым ліку заробленых на суботніках.

У кастрычніку 2017 года рашэньнем Лідзкага раённага выканаўчага камітэта быў аб'яўлены конкурс на стварэньне помніка «Заснавальнік замка — князь Гедымін». У лютым 2018 года прафэсійнае журы выбрала пераможцу — сумесны праект менскіх скульптараў Сяргея Аганава і Вольгі Нячай і архітэктара Сяргея Багласава, якія вядомы таксама мэмарыяльным знакам у Курапатах і помнікамі ў гістарычным цэнтры сталіцы Беларусі.

Да красавіка помнік Гедыміну будзе выраблены на Менскім мастацкім камбінаце ў мяккім матэрыяле ў поўную велічыню. Пасьля зацьвярджэньня мастацкай радай яго адальюць з бронзы.

Grodnonews.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт