Актывіст праз суд патрабуе кампэнсацыю за зьнішчаныя кнігі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
30.01.2019 15:13
Ігар Багачак накіраваў пазоў у суд, у якім просіць спагнаць зь дзяржавы на яго карысьць Br700.
Ілюстрацыйнае фотафота: Я. Іванюк/radyjo.net
Грамадзкі актывіст Ігар Багачак накіраваў пазоў у суд Савецкага раёна, у якім просіць спагнаць зь дзяржавы на яго карысьць 700 беларускіх рублёў за зьнішчаныя без пастановы суда кнігі й друкаваныя выданьні, што былі канфіскаваныя ў яго падчас агляду ў сакавіку 2017 года.
Напярэдадні Дня волі, 23 сакавіка 2017 года, да актывіста прыйшлі з аглядам супрацоўнікі Савецкага РУУС Менска. Яны нібыта шукалі зброю, выбуховыя рэчывы, аднак замест гэтага забралі 70 кніг і іншых друкаваных выданьняў, а ў адносінах да Ігара Багачака склалі пратакол па арт. 17.11 КаАП – «Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць».
Аднак справа да суда так і не дайшла, а кнігі ўсё адно былі зьнішчаныя. Ігар Багачак абскардзіў незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, за што ў выніку адзін зь іх быў пазбаўлены бягучай прэміі.
Адметна яшчэ й тое, што калі актывіст пайшоў знаёміцца з матэрыяламі сваёй адміністрацыйнай справы ў Савецкі РУУС, ён даведаўся, што ўчастковы Сяргей Кулічэнка прыйшоў у яго кватэру з аглядам без санкцыі пракурора.
Юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка адзначае, што акрамя права ўласнасьці на кнігі, якія міліцыя зьнішчыла без рашэньня суда, было парушана і права на недатыкальнасьць жыльля Ігара Багачака, паколькі супрацоўнікі міліцыі правялі несанкцыянаваны агляд.
spring96.org/яс