Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія ўлады сказалі «не» «Спорт-ФМ»

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.01.2019 19:23
  • улады сказалі не.mp3
Чыноўнікі палічылі «немэтазгодным» стварэньне новай радыёстанцыі.
Foto: pixabay.com/CC0

Пад такой назвай біятляністка Надзея Скардзіна ды плыўчыха Аляксандра Герасіменя хацелі стварыць у Беларусі новую радыёстанцыю. Афіцыйна адмоўлена тэхнічных прычынах. Аднак гучаць меркаваньні, што тут не абышлося без палітыкі. Новы праект меў быць зьвязаны з Расеяй.

Беларускія ўлады палічылі «немэтазгодным» стварэньне новай радыёстанцыі. Афіцыйнай прычынай адмовы названа адсутнасьць свабодных частотаў ды няправільна аформленыя дакумэнты. Рашэньне было прынятае Міністэрствам інфармацыі Беларусі ды Адміністрацыяй прэзыдэнта. Маўляў у Беларусі зашмат радыёстанцый.

Пры гэтым, у Менску гучаць меркаваньні, што ўлады прадухілілі спробу папулярных расейскіх мэдыяў увайсьці на беларускі рынак. Гаворыць карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімер Пац.

Уладзімір Пац: Некалькі дзён таму ў беларускай мэдыя–прасторы зьявілася інфармацыя пра тое, што Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі не пагадзілася на зьяўленьне новай радыёстанцыі «Спорт-ФМ». З такой ініцыятывай выйшлі дзьве вядомыя беларускія спартоўкі. Аднак, высьветлілася, што ішлося не пра рэгістрацыю адной радыёстанцыі, а адразу трох. Апроч «Спорт-ФМ» мелі паўстаць яшчэ EUROPA+ ды Energy. Гэтыя радыёстанцыі папулярныя ў Расеі. За імі стаяць, між іншым, грошы канцэрна Газпром-мэдыя. Беларускі партал Tуt.by паведаміў, што мэтай новага радыё праекта было вывесьці на беларускі рынак расейскія радыёстанцыі. Цікава яшчэ і тое, што тварам новага праекту выбралі папулярных у Беларусі спартовак, які маюць залатыя алімпійскія мэдалі ды перамогі на чэмпіянатах сьвету.

«Эўропа-плюс» лічыцца 2 у рэйтынгу папулярнасьці ў Расеі. Пры гэтым на агучаны спартыўны кантэнт у Беларусі арганізатары плянавалі прызначыць ня больш за 15% эфіру. Магчыма, гэта паўплывала на рашэньне беларускіх уладаў, якія цяпер апасаюцца «рэвізіі сувэрэнітэту» з боку ўсходняй суседкі.(лу эфэкт) Палітычны момант нельга выключыць, зазначае вядомы беларускі мэдыя-аглядальнік Паўлюк Быкоўскі, аднак хутчэй за ўсё гэта не зьвязана з Расеяй.

Паўлюк Быкоўскі: Тут зьбеглася некалькі фактараў. Эфірныя частоты падзеленыя ды трэба стаяць у чарзе, каб атрымаць права на частату, калі нехта ад яе адмовіцца. Аднак нават у тых сытуацыях, калі атрымліваліся дазволы ды рэгістраваліся мэдыя, якія маглі прэтэндаваць на частату, яны яе не атрымлівалі. Такое было з Белапанам, таксама Эўрарадыё доўга чакала магчымасьці атрымаць частату ды вяшчаць у Менску. Таму палітычны фактар у Беларусі ёсьць, але ня думаю, што тут вельмі важным быў менавіта расейскі фактар. У Беларусі ёсьць мэдыя зьвязаныя з Расеяй, гэта не перашкаджае ім існаваць.

Разам з тым зазначае экспэрт, у Беларусі цяпер вельмі складана адчыніць новае радыё па тэхнічных прычынах. Цяпер няма свабодных частотаў, пры гэтым патрэбы такія ёсьць.

Паўлюк Быкоўскі: Новыя частоты ў Беларусі не зьявяцца. Прэтэндаваць можна толькі, калі нехта адмовіцца ад існуючай. Гэта малаверагодна, наколькі мне вядома сёньня ніхто з выдаўцоў ФМ-радыёстанцый у Менску ды рэгіёнаў не зьбіраецца адмаўляцца ад частаты. Што да радыё рынку, дык ён у Беларусі не насычаны. ФМ станцыі падобныя адна на адну. Гэта адбылося ў выніку зьмены заканадаўства, увядзеньня патрабаваньня пра 75% айчыннай прадукцыі ў эфіры. Таму ў нас радыёстанцыі аднолькавыя, няма размоўнага радыё, няма цэлага спартыўнага радыё. Гэта накірунак таксама не заняты.

Ініцыятаркі праекту заявілі, што не чакалі такога фіналу ды не разумеюць прычын. Пры гэтым яны не зьбіраюцца аспрэчваць адмову. Зьяўленьне новага радыё праекту ў Беларусі пакуль адкладаецца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт