Навукова-дасьледчы цэнтар Мізеса аналітычнага цэнтра „Стратэгія” апублікаваў традыцыйныя вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў 2018 годзе ў 16 намінацыях.
У намінацыі „Лепшы орган дзяржаўнага кіраваньня” перамагло Міністэрства замежных спраў. Такая ацэнка дадзена МЗС „за дзейнасьць па дывэрсыфікацыі зьнешняй палітыкі; пасьлядоўную пазыцыю па абароне сувэрэнітэту; актывізацыю перамоў па ўступленьні Беларусі ў СГА; дзеяньні па стварэньні пазытыўнага інвэстыцыйнага й сацыяльнага іміджу краіны”.
Горшым органам дзяржкіраваньня прызнана Міністэрства аховы здароўя — „за ўклад у стварэньне сыстэмнай, усёахопнай карупцыі й злоўжываньняў; пагаршэньне пагроз жыцьцю й здароўю грамадзян праз рэжым выбару лекаў і вакцын; няздольнасьць прапанаваць новую сыстэму кіраваньня аховай здароўя, правілы функцыянаваньня рынку вытворчасьці мэдыцынскіх паслуг; стварэньне ўмоў для адтоку прафэсіяналаў са сфэры аховы здароўя”.
„Скандалам году” экспэрты прызналі „Міністэрства аховы здароўя — гейт- (крымінальны скандал у сыстэме аховы здароўя) — „за масавыя затрыманьні прадстаўнікоў сыстэмы кіраваньня аховай здароўя, фармацэўтычнага й іншага мэдыцынскага бізнэсу за карупцыю, махлярства й адкатныя схемы”.
„Падзеяй 2018 года” прызнана адстаўка кіраўніцтва Савета міністраў, прызначэньне новага прэм'ер-міністра, віцэ-прэм'ераў, а таксама міністраў эканомікі й фінансаў пад рэалізацыю праграмы бягучай пяцігодкі (2016—2020 гады).
„Правалам 2018 году”, паводле вэрсіі цэнтра Мізеса, стала „няздольнасьць урада Беларусі своечасова й адэкватна падрыхтавацца да падатковага манэўру Расеі”.
„Ахвярай году” названы Андрэй Шорац, які страціў пасаду старшыні Менгарвыканкама.
„Вар'яцкай ідэяй году” аналітыкі палічылі „рэкамэндацыі МАРГ па асваеньні ў Беларусі тавараў па імпартазамяшчэньні”.
„Цытатай году” прызнана выказваньне Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з актывам БРСМ з нагоды 100-годзьдзя ВЛКСМ 29 кастрычніка. „Мы жывем у вельмі складаны пэрыяд пераходу ад аднаго да другога. Праўда, да гэтага часу не ўсе вызначыліся, ад чаго да чаго мы пераходзім. Таму мы асабліва гучна не заяўляем у Беларусі пра тое, ад чаго да чаго мы ідзем. Мы проста жывем спакойна і ўдасканальваем тое, што ў нас ёсьць. І робім сьвет лепшым. Мы не выкідваем усё тое добрае, што было ў нашай гісторыі”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле ацэнкі аналітыкаў цэнтра Мізеса, 2018 год „стаў годам актывізацыі размоў аб праблемах эканомікі, а не прыняцьця навукова абгрунтаваных, адэкватных, прафэсійных мер па іх вырашэньні”.
Ён таксама стаў годам адстаўкі ўрада, прызначэньня новых міністраў і кіраўніцтва Саўміна, але — пад выкананьне старых задач у рамках праграмы пятай пяцігодкі.
Мінулы год „працягнуў трывожную тэндэнцыю назапашваньня даўгоў прадпрыемстваў і краіны”, - лічаць аналітыкі цэнтра.
Акрамя таго, адзначаюць яны, 2018 год „не стаў годам паўнавартаснага дыялёгу дзяржавы й грамадзтва, бізнэсу й грамадзтва, бізнэсу й дзяржавы”, а таксама „канчаткова расставіў кропкі над” і „ў інтэграцыйных праектах „Саюзная дзяржава” й „Эўразійскі эканамічны саюз”.
belapan.by/аз