Праваабаронцы ня бачаць зьмен у Беларусі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
31.12.2018 15:27
Спэцыялісты адзначаюць, што ў сьнежні 2018 года сытуацыя з правамі чалавека істотна не палепшылася.
Фото: pixabay.com
У Беларусі застаюцца палітзьняволеныя. Так надалей пазбаўлены волі палітвязень Міхаіл Жамчужны. Распачатае выкананьне палітычна матываванага прысуду ў дачыненьні да лідараў прафсаюза РЭП.
У Міжнародны дзень правоў чалавека затрыманыя актывісты БСДП Алесь Абрамовіч і Сяргей Падзолка, якія выйшлі да Палаца Рэспублікі з плякатамі «Улада парушае нашы правы» і «Невыкананьне правоў чалавека вядзе да рабства. Свабоду СМІ! Свабоду журналістам!».
Цягам месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылянсераў і блёгераў, факты затрыманьняў удзельнікаў мірных сходаў. За «незаконны выраб прадукцыі СМІ», аштрафаваныя пяць журналістаў, якіх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат»: Вольга Чайчыц, Сяргей Кавалёў, Любоў Лунёва, Ірына Арэхоўская і Сяргей Краўчук.
Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк пакараная штрафам у 490 рублёў за асьвятленьне акцыі з папяровымі караблікамі каля амбасады РФ: судзьдзя Іван Касьцян палічыў яе ўдзельніцай акцыі.
У сьнежні ў Беларусі праваабаронцы фіксавалі парушэньні свабоды сумленьня і веравызнаньня.Таксама ПЦ «Вясна» фіксаваў факты катаваньняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня ў дачыненьні да грамадзян.
Паводле ПЦ «Вясна»/юл