Logo Polskiego Radia
Print

Пачаўся збор грошай на сьвяткаваньне Дня Волі ў 2019

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.12.2018 16:17
На сьвяткаваньне Дня Волі ў будучым годзе плянуюць сабраць 50 тысяч рублёў.
Бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі.Бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі.Photo: Clker-Free-Vector-Images/pixabay.com/CC0 Public Domain

На Талацэ стартавала кампанія па зборы грошай на Дзень Волі-2019. Арганізатары разьлічваюць сабраць мінімум 50 тысяч рублёў. Менш чым за гадзіну з моманту старту краўдфандынг-кампаніі беларусы ўжо ахвяравалі на мерапрыемства больш 600 рублёў.

„Мы лічым, што пачынаць працаваць трэба ўжо зараз, каб прыгожа скончыць #БНР100 і ўвайсьці ў Новы Год з канкрэтнымі мэтамі. Пакуль мы не можам анансаваць пляцоўкі, на якіх адбудуцца асноўныя мерапрыемствы на „Дзень Волі 2019”, але абяцаем апэратыўна дзяліцца з вамі ўсімі важнымі навінамі.

На сёньняшні дзень уся падрыхтоўчая праца адбываецца на валанцёрскіх пачатках сіламі арганізатараў #БНР100 безь ніякай зьнешняй падтрымкі. Нам хочацца працягнуць добры прыклад кампаніі да 100-годзьдзя БНР і арганізаваць „Дзень Волі 2019” за грошы, якія беларусы ахвяруюць у межах публічнай краўдфандынгавай кампаніі. Досьвед мінулых гадоў паказвае, што канчатковы фармат мерапрыемства стане зразумелы толькі ў лютым-сакавіку, бо на гэта ўплываюць шматлікія зьнешнія і ўнутраныя фактары, але падрыхтоўчыя працы трэба пачынаць загадзя, каб быць гатовымі да любых сцэнароў”, — распавялі арганізатары.

Усе, хто падтрымаюць праект, будуць запрошаныя на сьвяткаваньне. Плянуецца, што ў 2019 годзе на правядзеньне асноўных мерапрыемстваў будзе адведзена ажно два дні: асноўныя вялікія падзеі ў Менску й іншых гарадах Беларусі правядуць у выходны дзень 24 сакавіка, а 25 сакавіка кожны зможа выбраць асабісты сцэнар сьвяткаваньня „Дня Волі”.

Самым шчырым спонсарам дадаткова аддзячаць цішоткамі й бел-чырвона-белымі сьцягамі.

nn.by/аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт