На газэту «Новы час» зноў падалі ў суд
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
05.12.2018 13:00
Газэту выклікаюць у суд «у якасьці адказчыка па іску Зайдэса Л.Л. аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі».
pixabay.com/Public Domain CC0
Як паведамляе выданьне, раніцай 5 сьнежня галоўны рэдактар газэты Аксана Колб атрымала СМС з суда Савецкага раёна Менска. У ім гаворыцца, што газэту 17 сьнежня выклікаюць у суд «у якасьці адказчыка па іску Зайдэса Л.Л. аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, спагнаньні кампэнсацыі маральнай шкоды».
Сам пазоў накіраваны па пошце, яго рэдакцыя павінна атрымаць цягам пяці дзён.
Леанід Зайдэс зьяўляецца ўладальнікам рэстарана «Паедзем паядзім», які пабудаваны побач з месцам масавых пахаваньняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. З 31 траўня каля рэстарана праходзяць пратэсты супраць яго працы, піша БелаПАН.
Раней на «Новы час» у суд падаваў вядомы бізнэсмэн Аркадзь Ізраілевіч у сувязі з публікацыямі артыкулаў пра будаўніцтва рэстарана «Паедзем паядзім». Ён патрабаваў у якасьці кампэнсацыі ад газэты 40 тысяч рублёў і яшчэ тысячу - ад аўтара матэрыялаў Дзяніса Івашына.
Як палічыў Ізраілевіч, з апублікаваных артыкулаў вынікае, што менавіта ён і яго кампанія - ТАА «ІВ» - зьяўляюцца канчатковым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарана «Паедзем паядзім», які выклікаў супярэчлівыя водгукі ў грамадзтве. Пры гэтым бізнэсмэн адмаўляў усякую сувязь з забудоўшчыкам рэстарана ў Курапатаў ТАА «Белрэстінвэст».
10 верасьня суд Савецкага раёну Менску адмовіўся задаволіць пазоў Ізраілевіча да газэты «Новы час».
naviny.by/ав