У Слуцку адбыўся мітынг у гонар Збройнага чыну
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
25.11.2018 08:51
грамадзкія актывісты правялі мітынг з нагоды 98-ых угодкаў Слуцкага збройнага чына.
Foto: https://kurjer.info
У 1920 годзе некалькі тысяч жыхароў цяперашніх Слуцкага, Капыльскага і Салігорскага раёнаў са зброяй у руках выйшлі бараніць Беларускую Народную Рэспубліку ад войскаў Чырвонай арміі, дасланых з Масквы.
Ідэя абароны незалежнасьці сёньняшняй Беларусі стала галоўным матывам у прамовах на мітынгу ў Слуцку.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклікаў ушаноўваць памяць герояў Случчыны, бо ад гэтага залежыць, ці захавае краіна незалежнасьць.
Паводле старшыні Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, незалежнасьці краіны як, і ў часы Слуцкага збройнага чыну, пагражае «імпэрыя на ўсходзе» і бараніць Беларусь у цяжкі момант давядзецца простым людзям.
У памяць пра загінулых слуцкіх ваяроў прачыталі малітву сьвятары Аўтакефальнай беларускай праваслаўнай царквы.
Завяршыўся мітынг прысягай актывістаў «Маладога фронту», якія толькі ўступілі ў арганізацыю.
Акцыя ў Слуцку была дазволеная мясцовымі ўладамі. Мітынг прайшоў у мясцовым парку каля стадыёна.
Пасьля мітынгу ў гарадзкім Доме культуры адбыўся канцэрт, прысьвечаны Дню герояў Случчыны.
Паводле Радыё «Свабода»/Наша Ніва/Інфа-Кур’ер/юл