Logo Polskiego Radia
Print

Беларускіх Праведнікаў народаў сьвету ўшануюць помнікам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.11.2018 10:01
У вайну ў Беларусі выжыла каля 30 тысяч габрэяў, у большасьці дзякуючы неабыякавасьці людзей.
Габрэі з Вугрошчыны ў канцлягеры Аўшвіц-Біркэнаў. Габрэі з Вугрошчыны ў канцлягеры Аўшвіц-Біркэнаў. By Unknown. Several sources believe the photographer to have been Ernst Hoffmann or Bernhard Walter of the SS - Yad Vashem. The album was donated to Yad Vashem by Lili Jacob, a survivor, who found it in the Mittelbau-Dora concentration camp in 1945., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=39226962

У Менску прайшоў сход ініцыятыўнай групы стварэньня арганізацыйнага камітэту для ўсталяваньня помніка беларусам – Праведнікам народаў сьвету, якія ратавалі габрэяў падчас Галакосту.

У Другую сусьветную вайну ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч габрэяў (ня толькі зь Беларусі, але й зь іншых краінаў Эўропы). Выжыла каля 30 тысяч, у большасьці выпадкаў дзякуючы неабыякавасьці людзей, якія ратавалі іншых, рызыкуючы сваім жыцьцём.

Па колькасьці Праведнікаў народаў сьвету Беларусь займае восьмае месца ў сьвеце. Паводле зьвестак на пачатак году гэтае званьне атрымалі больш за 900 чалавек (42 зь іх жывыя).

Аднак дагэтуль няма помніка, які б засьведчыў гераізм і ахвярнасьць жыхароў Беларусі. Дзеля гэтага створана ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы, Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына”, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры, Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і суполак, Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, Беларускага саюзу мастакоў і Беларускага саюзу дызайнэраў.

Удзельнікі сходу пагадзіліся, што ўшанаваньне памяці мае быць супольным клопатам грамадзкасьці й дзяржавы. Ініцыятыўная група заклікала непалітычныя арганізацыі й ініцыятывы далучыцца да арганізацыйнага камітэту ўшанаваньня памяці Праведнікаў народаў сьвету зь Беларусі.

Падаць заяўку на ўваходжаньне ў аргкамітэт можна да 28 лістапада, запоўніўшы анкету. Да моманту выбраньня старшыні працу ініцыятыўнай групы каардынуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім.

Праведнікі народаў сьвету — гэта негабрэі, якія ў гады Другой сусьветнай вайны ратавалі габрэяў ад сьмерці падчас Галакосту. Ганаровае званьне прысуджаецца Ізраільскім інстытутам Катастрофы й гераізму Нацыянальнага мэмарыялу Яд ва-Шэм. Узнагароджаныя атрымліваюць ганаровы дыплём і імянны мэдаль з надпісам „Той, хто выратаваў адну душу, выратаваў цэлы сьвет”.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт