Logo Polskiego Radia
Print

Палякам не далі адсьвяткаваць у Менску 100-годзьдзя незалежнасьці

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 20.11.2018 12:38
  • Палякам не далі адсьвяткаваць у Менску 100-годзьдзя незалежнасьці.mp3
Служачы cарваў мерапрыемства, выганяючы сабраных з залі.
pixabay.com/CC0

Палякі, якія сабраліся ў сталіцы Беларусі адзначаць 100-годзьдзе незалежнасьці Польшчы, былі змушаныя датэрмінова скончыць сустрэчу. Раней у трох розных месцах у Менску ім было адмоўлена ў дазволе на арэнду залі.

На цырымоніі прысутнічалі каля 200 палякаў з Менску і ваколіц. Таксама прыбыў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, які падзякаваў палякам, што, нягледзячы на розныя перашкоды, яны прыйшлі на сустрэчу.

А.Міхальскі: Мы радуемся свабодзе, незалежнасьці і разумеем падобныя мары, чаканьні, імкненьні іншых народаў. Як вам вядома, у Польшчы вельмі складаная гісторыя. Але Польшча паднялася, таму што было настолькі многа выбітных людзей у кожным пакаленьні, была прывязанасьць да мовы, культуры, да веры. І калі была такая патрэба, людзі ахвяравалі сабой і было шмат такіх, хто гэта зрабіў. У прыватнасьці, многа было такіх людзей сярод вашых, шаноўныя сябры, продкаў. Сярод вашых продкаў якраз было такіх людзей вельмі многа, якія сваёй працай, пакутамі дабіліся, вымалілі незалежнасьць Польшчы.
Яшчэ раз вялікі дзякуй, мы радыя, што ўсе мы тут разам, што вы прыйшлі. Вашую радасьць занясіце, калі ласка сваім родным, радасьць ад таго, што мы стварылі супольнасьць. Пацьвердзіў гэта сёньняшні вечар. У адзінстве сіла і радасьць!


Да ўсіх сабраных зьвярнулася таксама старшыня непрызнанага мясцовымі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс.

А.Борыс: Шаноўны спадар Амбасадар, шаноўная старшыня Хэлена Марчукевіч, шаноўнае спадарства! Незалежнасьць крыжамі мераюць. Незалежнасьць - гэта кошт сотняў тысяч крыжоў, якія стаяць тут, на тэрыторыі Беларусі – нашых дзедаў, прадзедаў, якія памерлі за свабоду, за незалежнасьць Польшчы. І наш сьвяты абавязак –памятаць аб гэтым, шанаваць і не дазволіць, каб гэта было зьнішчана... Сёньня гарадзкое аддзяленьне Саюзу палякаў зладзіла ўрачысты канцэрт, прымеркаваны да сотай гадавіны вяртаньня незалежнасьці. Палякі ва ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень. Для нас гэта вельмі важнае сьвята. Я вам дзякую, што, нягледзячы на розныя перашкоды, вы прыйшлі сюды, што для кожнага з вас гэта важна. Дарагія, кепскія справы робяць людзі дрэннай волі, а наша задача – даглядаць польскую справу, месцы памяці, мову, культуру, нягледзячы на бар’еры. Мы вельмі шмат спазналі з 2005 году, але няспынна займаемся гэтым апошнія 30 гадоў.

Анжэліка Борыс адзначыла, што, нягледзячы на цяжкасьці з арэндай залі для мерапрыемства, палякі Беларусі і так будуць адзначаць дзень незалежнасьці Польшчы. Старшыня польскай арганізацыі падзякавала ўладам Польшчы за падтрымку суродзічаў паза межамі.

Цырымонія пачалася нацыянальным гімнам Польшчы, які супольна засьпявалі мастацкія калектывы палякаў Беларусі. Падчас наступнай песьні спачатку стала зьнікаць сьвятло, а затым у залю ўвайшоў служачы, які пачаў выганяць сабраных.

Анжэліка Борыс папрасіла ўсіх спакойна разысьціся да дому. «Нельга паддавацца правакацыям. Розныя рашэньні прымаюць розныя людзі. Нам вельмі крыўдна. Палякі і так будуць адзначаць Дзень незалежнасьці ўсюды і заўсёды», – сказала Анжэліка Борыс.
У сваю чаргу старшыня менскага аддзяленьня Саюзу палякаў Хэлена Марчукевіч, у размове з карэспандэнтам Польскага радыё, не хавала вялікага расчараваньня ад гэтай сытуацыі. «Гэта вельмі сумна, бо мы не займаемся нічым дрэнным. Людзі проста хочуць сустрэцца і пасьпяваць. Гэтая сытуацыя дрэнная і для самой Беларусі», – сказала Хэлена Марчукевіч.

Аналягічнае мерапрыемства, арганізаванае ў мінулым годзе, прайшло спакойна.

Палякам у Беларусі дазволілі сабрацца для адзначэньня 100-годзьдзя Незалежнасьці Польшчы ў той жа залі, у якой дэмакратычныя групоўкі ў сакавіку адзначалі 100 гадоў з дня стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт